~~META: title = Мікола Чарняўскі — Сонейка ўзышло &keywords = залатое, сонейка &abstract = Верш Міколы Чарняўскага "Сонейка ўзышло" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Сонейка ўзышло ====== Быццам хто рассыпаў залацінкі\\ На траву, на дрэвы, на сяло.\\ Заблішчалі радасна расінкі –\\ Залатое сонейка ўзышло.\\ \\ Зніклі цені ў патаемных сховах,\\ Разлілося далеччу святло.\\ Птушкі прабудзіліся ў дубровах –\\ Залатое сонейка ўзышло.\\ \\ Ажыла прырода, заспявала,\\ Зноў адчуўшы ласку і цяпло.\\ Сінява яшчэ сінейшай стала –\\ Залатое сонейка ўзышло.\\ \\ Бераг сонны ў хвалі акунуўся,\\ Цішыню як ветрыкам змяло.\\ Колас абраселы страпянуўся –\\ Залатое сонейка ўзышло.\\ \\ Яблык бок яшчэ не загарэлы\\ Сонейку падставіў, каб пякло.\\ Лазнякі развесілі арэлі –\\ Залатое сонейка ўзышло.\\ \\ Ад травінкі да сасны вячыстай\\ Ажыло ўсё раптам, расцвіло.\\ Ранак усміхнуўся прамяніста –\\ Залатое сонейка ўзышло. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]]