Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:мікола-чарняўскі:мікола-чарняўскі-прыгоды-з-коскаю

Гэта старая версія дакумента!


Мікола Чарняўскі — Прыгоды з коскаю

Спяшаўся Мікітка
І быццам для кпінаў
Ён лішнюю Коску
У сшытку
Пакінуў.
Дзень Коска, як козка,
Па сшытку блукала:
Пакутніца Коска
Прыпынку шукала.
Куды ні прыстане,
Капрызныя Словы –
Без слоў
Кухталёў
Ёй падсыпаць гатовы.
Адны лямантуюць:
«Што стала са сказам?
Нашто нас разбіла?
Ты ж бачыш –
Мы разам!»
Другія аж плачуць,
Угледзеўшы зваду:
«Нашто нас змяшала?
Ні ладу,
Ні складу!»
А трэція хорам:
«Ганебна! Ганебна!
Хіба ты да месца,
Хіба тут патрэбна?..»
Ноч Коска, як козка,
Па сшытку блукала:
Знямоглая Коска
Прыстанку шукала.
Крыўдлівыя Словы
Шумелі, як хвалі,
Пагарды,
Спагады
Сваёй не хавалі:
«Па сшытку бадзяцца
З такой пагалоскай
Не сорам табе,
Памаўзлівая Коска?
Хто гэты нягоднік?
Хто згубнай рукою
Пакінуў цябе тут
Няшчаснай такою?..»

Тулялася Коска,
Як козка,
Па вёсках,
Надумала ўраз
Беспрытульная Коска:
«Зраблюся двукоссем,
Схаваюся ў сшытку,
Хай сорамна будзе
Не мне, а – Мікітку!»

Падобныя старонкі

  • міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах
творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-прыгоды-з-коскаю.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki