~~META: title = Мікола Чарняўскі — Прыгоды з коскаю &keywords = коска, сшытку, козка, шукала, словы, блукала, пакінуў, ганебна &abstract = Чытаць верш Міколы Чарняўскага "Прыгоды з коскаю" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Прыгоды з коскаю ====== Спяшаўся Мікітка\\ І быццам для кпінаў\\ Ён лішнюю Коску\\ У сшытку\\ Пакінуў.\\ Дзень Коска, як козка,\\ Па сшытку блукала:\\ Пакутніца Коска\\ Прыпынку шукала.\\ Куды ні прыстане,\\ Капрызныя Словы –\\ Без слоў\\ Кухталёў\\ Ёй падсыпаць гатовы.\\ Адны лямантуюць:\\ "Што стала са сказам?\\ Нашто нас разбіла?\\ Ты ж бачыш –\\ Мы разам!"\\ Другія аж плачуць,\\ Угледзеўшы зваду:\\ "Нашто нас змяшала?\\ Ні ладу,\\ Ні складу!"\\ А трэція хорам:\\ "Ганебна! Ганебна!\\ Хіба ты да месца,\\ Хіба тут патрэбна?.."\\ Ноч Коска, як козка,\\ Па сшытку блукала:\\ Знямоглая Коска\\ Прыстанку шукала.\\ Крыўдлівыя Словы\\ Шумелі, як хвалі,\\ Пагарды,\\ Спагады\\ Сваёй не хавалі:\\ "Па сшытку бадзяцца\\ З такой пагалоскай\\ Не сорам табе,\\ Памаўзлівая Коска?\\ Хто гэты нягоднік?\\ Хто згубнай рукою\\ Пакінуў цябе тут\\ Няшчаснай такою?.."\\ \\ Тулялася Коска,\\ Як козка,\\ Па вёсках,\\ Надумала ўраз\\ Беспрытульная Коска:\\ "Зраблюся двукоссем,\\ Схаваюся ў сшытку,\\ Хай сорамна будзе\\ Не мне, а – Мікітку!" ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]]