~~META: title = Мікола Чарняўскі — Павучковыя арэлі &keywords = павучок, мушцы, лісток, гушкалася, заснула, арэлі, пагушкацца &abstract = Чытаць апавяданне Міколы Чарняўскага "Павучковыя арэлі" &iftrue = True ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Павучковыя арэлі ====== Стаялі апошнія сонечныя дзянькі. Каб пагушкацца ўволю, павесіў павучок арэлі. За іх зачапіўся сухі лісток. Вецер гайдаў яго, калыхаў, як нейкую пярынку.\\ Захацелася мушцы на павучковых арэлях пагушкацца – села на лісток. Гушкалася, гушкалася – і заснула. Спалохаўся павучок: «Што з ёю? Можа, кепска мушцы стала?» Пабег, ускараскаўся па тонкай павуцінцы да таткі, старога павука, які непадалёк плёў сетку: можа, каму яшчэ на гамак спатрэбіцца?\\ Выслухаў ён павучка дый кажа:\\ – Дурненькі ты! Яна проста заснула. Блізка халады, зіма. А мухі перад зімою засынаюць. Толькі мушка з халадамі замерзнуць можа. Дык перанясём яе з арэлямі ды лістком туды, дзе цяплей. Вунь у тое дупло, дзе вавёрачка зімаваць сабралася. Думаю, яны паладзяць, і мушцы ў яе дупле месцейка знойдзецца.\\ Узрадаваўся павучок, кінуўся здымаць арэлі. Шкада, што не пагушкаўся колькі хацеў. Але ж і санлівай мушкі шкада. Загіне – хто ж тады будзе зумкаць яму вясною, калі ён возьмецца ткаць свае першыя павуцінкі? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]]