~~META: title = Мікола Чарняўскі — Малююць дзеці... &keywords = мастакоў, крэйдзе, палец, малюнках, бакоў, лоб, асфальце, конкурс, нос &abstract = Верш Міколы Чарняўскага "Малююць дзеці..." &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Малююць дзеці... ====== Лоб у крэйдзе,\\ Нос і пальцы.\\ Гамана з усіх бакоў:\\ Каля дома,\\ На асфальце –\\ Конкурс юных мастакоў.\\ \\ На шурпатым тратуары,\\ Бы ў альбоме на лістах,\\ Ажываюць\\ Казкі,\\ Мары:\\ У фантазіі –\\ Размах!\\ \\ Дзякуй дзецям,\\ Іх лятункам! –\\ З поля,\\ З лесу,\\ Як сябры,\\ Перабраліся ў малюнкі\\ Кветкі,\\ Птушкі\\ І звяры.\\ \\ І здаецца, ўсё дарэчы,\\ Ім не хочацца назад:\\ Смела дзівяцца з малечы,\\ Бы ў дзяцей,–\\ І ў іх пагляд.\\ \\ Лоб у крэйдзе,\\ Нос і пальцы,\\ Нібы ў нейкіх дзівакоў:\\ Надвячоркам\\ На асфальце –\\ Конкурс юных мастакоў.\\ \\ І ў дзяўчатачак,\\ І у хлопцаў –\\ Мабыць,\\ Самы ўзнёслы міг!..\\ А на ўсіх малюнках –\\ Сонца,\\ А на ўсіх малюнках –\\ «МІР».\\ \\ Іх «палотны» –\\ Плён старання –\\ Толькі вечар,\\ Толькі ноч\\ Захінуць сабой\\ Да рання\\ Ці сатрэ хмурынкай\\ Дождж.\\ \\ Ды наўрад ці ў крыўдзе будзе\\ Хтосьці з гэтых мастакоў!\\ ...Ля малюнкаў ходзяць людзі,\\ Абмінаюць іх з бакоў:\\ Пэўна ж,\\ Быць зласліўцам трэба\\ І глухім\\ Душою быць,\\ Каб на мір,\\ На кветкі,\\ Неба,\\ Каб на сонца\\ Наступіць! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]]