Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:мікола-чарняўскі:мікола-чарняўскі-майстры

Гэта старая версія дакумента!


Мікола Чарняўскі — Майстры

Дзед заняты, дзед майструе,
Чутны шоргат, стук.
Саша побач з ім шчыруе –
Памагае ўнук.

Ён стружком кару здзірае,
Завіхацца рад.
Хоць з ім струг
І дзед трымае,
Але ўнучак – хват!

Дзед сур’ёзны і паважны,
Кажа голасна, працяжна:
– Тут жа ў нас р-а-бо-ты! –
Хопіць да суботы!

Хлопчык радасна смяецца:
– Дзедка,
Што яшчэ?..
За нажоўку
Дзед бярэцца,
Дошку валачэ.

Задаволеныя, моўчкі
Шоргаюць пілой.
Пілавіння ручаёчкі
Сыплюцца мукой…

Саша ўгрэўся,
Ды трывае,
Дзеда словы паўтарае:
– Тут жа ў нас р-а-бо-ты!
Хопіць да суботы!

Не ў суботу,
Што для слоўца,
Недзе пад абед
Вынес веснічкі-варотцы
З-пад паветкі дзед.

Нёс памалу,
Не спяшаўся,
Хітра паглядаў,
Як за іх
Унук трымаўся –
Несці памагаў!

Да штыкетніка прынеслі
І ўздыхнулі:
– Ух!
І да шулачка завесы
Прыбівалі ўдвух.

Дзед на рукі ўзяў малога,
Прытуліў ямчэй:
– Трэба будзе дапамога, –
Пазаву яшчэ!

Падобныя старонкі

  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані
  • міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах
творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-майстры.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki