~~META: title = Мікола Чарняўскі — Майстры &keywords = дзед, саша, хопіць, суботы &abstract = Верш Міколы Чарняўскага "Майстры" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Майстры ====== Дзед заняты, дзед майструе,\\ Чутны шоргат, стук.\\ Саша побач з ім шчыруе –\\ Памагае ўнук.\\ \\ Ён стружком кару здзірае,\\ Завіхацца рад.\\ Хоць з ім струг\\ І дзед трымае,\\ Але ўнучак – хват!\\ \\ Дзед сур’ёзны і паважны,\\ Кажа голасна, працяжна:\\ – Тут жа ў нас р-а-бо-ты! –\\ Хопіць да суботы!\\ \\ Хлопчык радасна смяецца:\\ – Дзедка,\\ Што яшчэ?..\\ За нажоўку\\ Дзед бярэцца,\\ Дошку валачэ.\\ \\ Задаволеныя, моўчкі\\ Шоргаюць пілой.\\ Пілавіння ручаёчкі\\ Сыплюцца мукой...\\ \\ Саша ўгрэўся,\\ Ды трывае,\\ Дзеда словы паўтарае:\\ – Тут жа ў нас р-а-бо-ты!\\ Хопіць да суботы!\\ \\ Не ў суботу,\\ Што для слоўца,\\ Недзе пад абед\\ Вынес веснічкі-варотцы\\ З-пад паветкі дзед.\\ \\ Нёс памалу,\\ Не спяшаўся,\\ Хітра паглядаў,\\ Як за іх\\ Унук трымаўся –\\ Несці памагаў!\\ \\ Да штыкетніка прынеслі\\ І ўздыхнулі:\\ – Ух!\\ І да шулачка завесы\\ Прыбівалі ўдвух.\\ \\ Дзед на рукі ўзяў малога,\\ Прытуліў ямчэй:\\ – Трэба будзе дапамога, –\\ Пазаву яшчэ! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]]