~~META: title = Мікола Чарняўскі — Ліса-калядоўшчыца &keywords = каза, гаспадар, вячэрае, хвост, каўбасу, зірнуў, прыспела, мяшок, двара, шэрая, горкі, барбос &abstract = Чытаць верш Міколы Чарняўскага "Ліса-калядоўшчыца" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Ліса-калядоўшчыца ====== Ноч не спалася Лісе –\\ Есці ўсё хацела.\\ А кладоўка пакрысе\\ Раптам апусцела.\\ \\ – Што мне бегаць, мышкаваць?\\ Лепш пайду калядаваць\\ Без Ваўка:\\ Такі кумок,\\ Каб пасля ўсё не звалок.\\ Мне адной пры калядзе,\\ Што збяру, –\\ Перападзе!\\ \\ Маску хуценька зрабіла,\\ Каб казою выглядаць,\\ Рогі з сучча начапіла:\\ Хто пад маскай –\\ Не пазнаць.\\ Бо Лісу-зладзейку ў вёсцы\\ Зналі не па пагалосцы.\\ \\ Адшукала кажушок,\\ Зношаны, казіны,\\ Узяла кіёк,\\ Мяшок\\ Аж на дзве карзіны.\\ I – да першага двара,\\ Да гаспадара.\\ \\ – Го-го-го, я – каза,\\ Го-го-го – шэрая!\\ Хто сказаў, што каза\\ Не вячэрае?\\ Гаспадар, зрабі мне ласку,\\ Дай ці сала, ці каўбаску.\\ А я гэту каўбасу\\ За тры горкі панясу,\\ Да лясной паветкі,\\ Там чакаюць дзеткі,\\ Казляняткі родныя,\\ Як і я,\\ Гаротныя!\\ \\ Гаспадар зірнуў з усмешкай:\\ – Дзе, якой блукала сцежкай?\\ Чуць не чуў,\\ Што так прыспела,\\ Каб каза каўбасы ела.\\ Сена маю, муражок,\\ Падстаўляй, каза, мяшок…\\ \\ З хаты выбегла Ліса –\\ Толькі ў думках каўбаса.\\ Да суседняга двара\\ Падышла, спеў завяла:\\ \\ – Го-го-го, я – каза,\\ Го-го-го – шэрая!\\ Хто сказаў, што каза\\ Не вячэрае?\\ Гаспадарык-гаспадар,\\ Маеш дзетак –\\ Божы дар.\\ Пакладзі ў мяшок паўкуркі –\\ Пагуляю з дзецьмі ў жмуркі.\\ А падорыш каўбасу –\\ Запляту малой касу.\\ Потым гэту каўбасу\\ За тры горкі панясу,\\ Да лясной паветкі,\\ Там чакаюць дзеткі,\\ Казляняткі родныя,\\ Як і я,\\ Гаротныя!\\ \\ Гаспадар зірнуў з хітрынкай\\ Ты з мяшком,\\ А не з карзінкай?\\ Чуць не чуў,\\ Што так прыспела,\\ Каб каза ды курку ела.\\ Канюшыны ёсць стажок,\\ Наскубі сабе ў мяшок…\\ \\ З хаты Ліска вылятае –\\ Толькі ў марах курка тая!\\ I – да трэцяга двара,\\ Да яго гаспадара:\\ \\ – Го-го-го, я – каза,\\ Го-го-го – шэрая!\\ Хто сказаў, што каза\\ Не вячэрае?\\ Каб вялося ўсё ў аборы,\\ Прынясі кумпяк з каморы.\\ Будзе і за ласку,\\ Як дасі каўбаску.\\ Нават студню міску –\\ Дзеткам на аблізку.\\ Будзе не ў нагрузку,\\ Як дасі мне гуску.\\ Прынясеш смятанку –\\ Спяю ўнуку Калыханку,\\ Будзе спаць пасля да ранку!\\ \\ Гаспадар зірнуў з развагай:\\ Што ж адна ты, бедалага?\\ Дзе ж твой кум,\\ Напарнік твой?\\ Што матляеш галавой?\\ Чуць не чуў,\\ Што так прыспела,\\ Каб каза ды скорам ела.\\ Ёсць у склепе качанок,\\ Можа, кінуць у мяшок?\\ А чаму ў цябе, казы,\\ Гэткі ж хвост,\\ Як і ў лісы?\\ Ды і голас не казіны,\\ А ліслівы,\\ Як лісіны.\\ Можа, нам Барбос падкажа?\\ На лісу ён злы за кражу:\\ Звалакла гуся з-пад носа.\\ Я ж не пахваліў Барбоса…\\ Ды не бойся,\\ Не трымці,\\ Пакаштуй маёй куцці.\\ Як-ніяк усё ж Каляды,\\ А ў Каляды –\\ Госцю рады!\\ Гэй, Барбос,\\ Цю-цю, цю-цю,\\ Прынясі хутчэй куццю!\\ \\ Дзе ўжо тут куцця ды куры!\\ Не застацца б хоць без шкуры!\\ Сіганула Ліска –\\ Да нары не блізка!\\ У нары шукала косці,\\ Пышны хвост кусала ў злосці:\\ З-за цябе, паганы хвост,\\ У мяне –\\ Калядны пост! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]]