~~META: title = Мікола Чарняўскі — Захварэў аднойчы леў &keywords = льва, ходзіць, лекаў, хрып, ангінай, добра, годзе, баяцца, звяры &abstract = Чытаць верш Міколы Чарняўскага "Захварэў аднойчы леў" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Захварэў аднойчы леў ====== Леў\\ Ангінай захварэў.\\ Стаў нервовы,\\ Пазвярэў.\\ Люта шчэрыцца,\\ Хрыпіць.\\ А звяры ўсе:\\ – Што рабіць?\\ \\ Воўк вярнуўся\\ З пахадзі:\\ – Годзе выць на ўсе лады!\\ Годзе нам\\ Варон лічыць –\\ Трэба льва\\ Хутчэй лячыць!\\ \\ І пайшлі да Льва звяры,\\ Па адным,\\ Па два,\\ Па тры:\\ – Што турбуем –\\ Не сярдуй,\\ Лекаў нашых паспрабуй.\\ – Будзе скончана з ангінай,\\ Як пап’еш\\ Чайку з малінай.\\ \\ – Памагае – не сакрэт –\\ Ад прастуд\\ Ліповы цвет...\\ – Залатога мёду сподак\\ Ад любой хваробы –\\ Сродак...\\ \\ Леў крывіўся,\\ Зіркаў злосна:\\ – Мне ад вашых лекаў млосна.\\ Мяса мне\\ Далі б з паўпуда –\\ І прайшла б даўно\\ Прастуда!..\\ \\ Дзік стары\\ Здзівіў нямала –\\ З бульбай кадку прывалок.\\ Бульба густа паравала –\\ Леў\\ Ажно ступіў убок.\\ \\ – Ты не хмурся,\\ Ты не чмыхай –\\ Парай цёплаю падыхай,\\ І за дзень\\ Твой хрып міне,\\ Век удзячны будзеш мне...\\ \\ Леў\\ З дзіком згадзіўся хутка,\\ Сеў над бульбаю\\ Ціхутка.\\ Потым піў\\ Адвар маліны,\\ Каштаваў\\ Мядок пчаліны.\\ Лекі ўсе\\ Прыняў ахвотна,\\ Спаць улёгся\\ Бесклапотна...\\ \\ Пелікан –\\ Прызнаны фельчар –\\ Завітаў да Льва\\ Пад вечар.\\ Добра выслухаў яго,\\ Добра выстукаў яго,\\ Загадаў:\\ – Скажы мне «а-а-а»...\\ Леў сказаў\\ І раз, і два...\\ \\ Але раптам як зароў:\\ – Ды які ж я цар звяроў?!\\ Я ж не львом\\ Ужо зрабіўся!\\ Дзе мой грозны\\ Хрып згубіўся?\\ Хто ж мяне\\ Баяцца будзе?\\ Хто ж паклоны\\ Біць мне будзе?\\ \\ Больш лячыцца\\ Не згаджуся.\\ Лепш хрыпатым\\ Застануся!..\\ \\ Каб ізноў ахрыпнуць,\\ Леў\\ Порцый сем\\ Пламбіру з’еў.\\ Ходзіць хмуры,\\ Ходзіць злосны,\\ Голас –\\ Грубы,\\ Невыносны.\\ Чорнай хмарай –\\ Поўсць на карку.\\ – Што мне зёлкі і прыпаркі?!\\ \\ Лепш\\ З ангінаю бадзяцца,\\ Лепш\\ Няхай мяне баяцца!..\\ \\ Можа,\\ Чулі рык яго вы?\\ Леў\\ І праўда ж\\ Нездаровы? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]]