~~META: title = Мікола Чарняўскі — «Акадэмія»... на колах &keywords = бацька, полі, андрэйка, бульбе, вясною, агародзе, таямніча, згодны, тата, андрэйкі, лісце, каларадскага &abstract = Чытаць апавяданне Міколы Чарняўскага "«Акадэмія»... на колах" &iftrue = True ~~ ====== Мікола Чарняўскі — «Акадэмія»... на колах ====== Палявая дарога, выбітая грузавікамі, трактарамі ды вазамі, стужкай вілася ўдалячынь, то ўзбягаючы на пагоркі, то збягаючы з іх. Яны зелянелі ад канюшыны, жаўцелі ад аўсяных мяцёлак, разбягаліся ў стрэлках бульбяных разораў.\\ Бульба/адцвіла, але яе лістота, цёмна-зялёная, разлапістая, прыпарушаная пылам, не думала вянуць ці засыхаць. Андрэйка думаў, што зараз яны мінуць бульбяны палетак, выберуцца на раўнейшую дарогу, ды бацька нечакана прытармазіў, шчоўкнуў дзверцамі. Сышоў з дарогі, пераступіў пяць ці шэсць разораў-баразён, нахіліўся над бульбоўнікам, пачаў прыглядацца да яго, расхінаць кусты рукамі. Праз хвіліну-другую, задаволены, вярнуўся да машыны.\\ – Здаецца, усё нармальна... Не відаць разбойніка паласатага...\\ – Тата, што ты там шукаў? Згубіў што ці так сабе?\\ – Шукаў, каб не згубіць, – загадкава адказаў бацька.\\ – А што ты можаш згубіць тут? – зноў пацікавіўся Андрэйка.\\ – Тоны, дзесяткі тон бульбы.\\ – Ты як скажаш, тата! На бульбе губляць... бульбу! – Яму здалося, што бацька пакеплівае з яго.\\ – Пра жука каларадскага чуў? – ужо сур’ёзна запытаўся бацька.\\ – Як не чуў? – здзівіўся Андрэйка. – Нават бачыў яго. Як божая кароўка, але крыльцы ў чорную палоску. Бабуля з агарода прыносіла, паказвала мне. Я яшчэ дапамагаў збіраць іх на бульбе ў бляшаначку і паліць на дарожцы. Аднаго разу бачыў, як гэты жук двор перапаўзаў...\\ – На сваім агародзе яго і сабраць можна, – пагадзіўся бацька. – А на такім полі? Даводзіцца ядахімікаты прымяняць. Бо гэты жучок – шкоднік вялікі. Пражэрлівы надта. Калі не знішчыць у час, усё лісце на бульбе з’есць. Ты думаў, з бульбаю прасцей простага: вясною пасадзіў, улетку – абагнаў, увосень – выкапаў і, калі ласка, еш яе, гарачанькую, сопкую? О не! У яе столькі ворагаў! Калі каларадскага жука выявіць лёгка, дык нематоду не адразу разгледзіш. Надта ж хітрая, шэльма!\\ – Хто, хто?\\ – Нематода, – паўтарыў бацька. – Хітры, каварны вораг. Не лісце, а карані з’ядае, клубні. Калечыць – глядзець балюча! На нашых палетках гэтай шкодніцы, дзякуй богу, я пакуль не заўважыў, – працягваў далей бацька. – Мы з ёю яшчэ севазваротам змагаемся.\\ – Чым, чым? – перапытаў Андрэйка.\\ – Севазваротам, – паўтарыў бацька. – Як табе тут растлумачыць?.. На адным і тым жа полі мы не сеем запар адну і тую ж культуру. На гэтым полі, дзе мы стаім, летась жыта расло, наступнай вясною ячмень ці авёс з вікаю пасеем, потым лён. Бульба вернецца сюды не скора, гады праз тры-чатыры. Не дачакаецца яе тут нематода, згіне...\\ Ён замаўчаў, потым зноў звярнуўся да Андрэйкі:\\ – Ты не задумваўся, чаму я, калі збіраюся на рыбалку, прымушаю цябе капаць чарвякоў каля хаты, на сваім агародзе?\\ – Бо яно бліжэй, – разважліва-ўпэўнена адказаў Андрэйка. – Не паедзеш жа іх у полі шукаць.\\ – А ў полі іх асабліва і не накапаеш, – падхапіў бацька. – Разумееш, баяцца яны мінеральных угнаенняў, хіміі баяцца. Рэдка сустрэнеш цяпер у полі дажджавога чарвяка. А чарвяк – той жа плуг для зямелькі...\\ Гэта было навіною для Андрэйкі. Ён ніяк не мог уявіць дажджавога чарвяка... плугам.\\ Бацька, захапіўшыся размовай, даводзіў думку да канца:\\ – Выходзіць, правільна людзі прыдумалі: «Век жыві – век вучыся». Ды ўжо не ў той акадэміі, дзе ўсё па кніжках ды на словах, а тут, у гэтай «акадэміі»... на колах. – I ён паказаў на машыну, на шырокі палявы прастор, што вабна і таямніча рассцілаўся перад імі. – Але хопіць лекцый. На колькі хвілін прычынім нашу «акадэмію». Ты згодны?\\ – Калі трэба, то згодны. А куды цяпер?\\ – Ёсць адзін палетак у мяне, за Гузельскай гарою. Баюся, ці не пераспела жыта на ім, ці не палегла. Зямля там камяністая. Спытаеш, чаму не прыбіраем каменне? Збіраем, сцягваем у крушні, а яно, ліха на яго, расце. Як пустазелле тое... Каб не ламаць тэхніку, вырашылі гэта поле апошнім убіраць. Але ж і ўраджай страціць можна, абсыплюцца каласы... Ды я яго на заметку ўзяў яшчэ па адной прычыне... – Бацька вымавіў апошнія словы загадкава, таямніча. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-каго-баіцца-зубр]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]]