~~META: title = Мікола Мятліцкі — Я дрэву сказаў... &keywords = стаю, любіў, свеце, адзіны, сонца &abstract = Чытаць верш Міколы Мятліцкага "Я дрэву сказаў..." &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Мятліцкі — Я дрэву сказаў... ====== Я дрэву сказаў: як самотна табе\\ Гадамі на месцы нязрушна стаяць,\\ I гнуцца пад ветрамі хлёстка ў цяжбе,\\ I ў далечы толькі паглядам крыляць.\\ \\ I дрэва сказала мне: іншых выгод\\ Напоўніцу маю без ліку я дзён.\\ Мне бачыцца сонца адзіны ўзыход,\\ I захад мне сонца адзіны відзён.\\ \\ Няхай і прыкута пад небам стаю,\\ Ды ў глебе радзіннай мае карані.\\ Любіў бы ты гэтак радзіму сваю,\\ Не збег бы адгэтуль павек, не мані!\\ \\ Быў тут бы заўсёдна, не ў свеце кружыў,\\ Прыняўшы вандроўца здарожаны лёс.\\ Любіў гарачэй бы і ўзрушней тужыў,\\ Не зведаў, магчыма б, чарнобыльскіх слёз.\\ \\ Ты ў свеце, блукаючы, рушыў і сек,\\ Ля прорвы нябыту паўстаў на краю.\\ За твой над прыродай учынены здзек\\ Я ў атамным пекле сягоння стаю.\\ \\ То вецер атрутны лісцё калыхне,\\ То промень пякучы усчнецца сляпіць.\\ Раз першы за век захацелася мне\\ Хоць некалькі крокаў ад зоны ступіць. \\ \\ Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]]