~~META: title = Мікола Мятліцкі — Санеты Чарнобыля &keywords = неба, жыцця, толькі, галасам, зямлі, глядзіць, вока, смерць, смерці, зямля, лёсу &abstract = Чытаць "Санеты Чарнобыля" Міколы Мятліцкага &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Мятліцкі — Санеты Чарнобыля ====== 1 Сцяжыны лёсу пазаплёў палын,\\ Бальшак Жыцця жарства наўсцяж укрыла.\\ I восенню пустэльнаю паныла\\ Шугае ў небе жураўліны клін.\\ \\ I толькі мой балесны прыпамін\\ Імкне на ўлонне шчасця легкакрыла –\\ Там памяць дні калішнія ўзвіхрыла,\\ Пунсова рдзее гронамі калін.\\ \\ Мне зноўку час адкрыўся беззваротны –\\ I адступіўся травастой смяротны,\\ Вяскоўцы звычна крочылі сцягой.\\ \\ Быў іхні дзень. Быў іхні рух мне бачны.\\ Жыцця галасам упіваўся Бабчын.\\ I не было рэальнасці другой.\\ **2** Ступаю ў лес – падсушаным сіўцом\\ Хрусціць дарога спудна і сіроча.\\ Хваін сцяна, як тая патароча,\\ Гарбаціцца за бліжнім азярцом.\\ \\ Цячэ рака Жыцця. Яе плыўцом\\ Душа пачуць сябе ніяк не хоча.\\ Бо ветру ўзвей пагрозліва шапоча,\\ Нібыта Божы свет – перад канцом.\\ \\ I шнарыць смерць па выселеных хатах.\\ Насенне зла схавана ў чорных спратах,\\ Чакае зноў сусветнага сяйва.\\ \\ Рыпіць напята лёсу калымага.\\ Глядзіць сляпое вока саркафага\\ Удалеч з-пад графітнага брыва.\\ **3** Клады кусты акацый аплялі,\\ Крыжы збуцвелі, мытыя дажджамі.\\ Маланкі, паласуючы крыжамі,\\ Жагнаюць шыры мёртвае зямлі.\\ \\ Нямыя зоркі, нібы вугалі,\\ Раздзьмутыя сусветнымі вятрамі,\\ Падкажуць: ты – удзельнік вечнай драмы\\ З дакладнай назваю «Жылі-былі...».\\ \\ Спадае неба ядзернай шугой,\\ Даводзячы: няма зямлі другой,\\ Жыць гэтай у душы тваёй да скону.\\ \\ Ступаючы зыбучаю жарствой,\\ Ты ў згоды знак ківаеш галавой,\\ Дыханнем грэеш выстылую зону.\\ **4** Амшэлыя дрыгвянішчы балот\\ Пачылі ў часе. Сцішаныя клеткі,\\ Каналамі пасечаныя, сведкі\\ Тых дзён, калі рыкасты свой паход\\ \\ Вяло на бросню камарыных вод\\ Апусташэнне. Дуб, астатнік рэдкі,\\ Шацёр ускіне ўдалечы. Дым едкі\\ Паўзе з лаўжоў падальш за ржавы дрот.\\ \\ Сканала Гала. Ядзерным засевам\\ Над кветкай кожнай і над кожным дрэвам\\ Прайшоў жахотна-помны красавік.\\ \\ Глядзяцца ў неба з адзічэлых клетак\\ Тугой расстайнай вочы жоўтых кветак –\\ Абула смерць венерын чаравік.\\ **5** Лісіны груд сінее сон-травой,\\ Не калыхнецца радасным галасам\\ Абсяг вясновы. Змораная часам,\\ Глухая ціш агусла ў шатах хвой.\\ \\ I толькі неба барвай агнявой\\ Заход пазначыць. Зоркавым папасам\\ Пакрочыць месяц – сполашным грымасам\\ Не будзе ліку над зямлёй сівой.\\ \\ Жахнуцца ўладзе смерці. Тут яна\\ Крыніцы ператруціла да дна\\ I, ўсцешная, касу нясе высока.\\ \\ I толькі гляне ранак агнявы:\\ Засіненае вочка сон-травы\\ Зірне няўцям – вясны жывое вока.\\ **6** Бруіцца Прыпяць у жвірах праменных,\\ Між ніцых лоз жывы крышталь святла.\\ Забыты ўзмах рыбацкага вясла.\\ Самоціцца чырвоны бакен лены.\\ \\ Віхурай смерці носяцца рэнтгены,\\ Бяда гняздо на шмат вякоў звіла,\\ I водны плёс – сама пуціна зла,\\ Якой Харон плыве праз час нятленны.\\ \\ Ён гоніць човен сінім шляхам водным\\ Пад небам абыякавым, халодным,\\ Ускінуўшы сівую галаву.\\ Здавён заняты промыслам выгоднмм,\\ А я, душу суцішыўшы, заву\\ Абсягі пекла й сёння краем родным.\\ **7** Зямля мая забылася пра жыта.\\ Не пружыстая хваля збажыны\\ Гадзінай шараю калыша сны –\\ Ў палын-гарчак туга яе павіта.\\ \\ Вядзе Зямлю высокая арбіта.\\ У рострубе касмічнай гаманы\\ Хто ўчуе нас? Ў сусвеце мы – адны.\\ Ўчынілі змоўчна зло і – шыта-крыта.\\ \\ Глядзіць мірганнем зор сусвет халодны,\\ Бы ведае: наступіць час бясплодны\\ I згіне жыццядайная Зямля,\\ \\ На промнях радыяцыі бязвінна\\ Згібее, як самотная жанчына,\\ Што нарадзіць не здатна немаўля. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-самае-доўгае-расстанне]]