~~META: title = Мікола Мятліцкі — Прыпяць &keywords = Прыпяць, грэкі &abstract = Чытаць верш "Прыпяць" Міколы Мятліцкага &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Мятліцкі — Прыпяць ====== 1 На беразе тваім\\ Вільготны летні прыпар.\\ Самотна памаўчым\\ Удвух, лясная Прыпяць.\\ \\ Тут горнуцца да стром\\ Дзве вёсачкі пустыя.\\ Здалёк рыкае гром –\\ Раскутая стыхія!\\ \\ Маланкі джала б’е\\ Над кручамі, жвірамі.\\ Былыя дні мае\\ Усмоктаны вірамі.\\ \\ Калышуць чараты\\ Пары далёкай пошум.\\ Куды панесла ты\\ Жыцця жывую ношу?\\ \\ Пакінуты адны\\ I хаты, і калыскі.\\ Куды сплылі чаўны,\\ За свет які няблізкі?\\ \\ Дождж хлешча у палях,\\ Мутнеюць нашы рэкі.\\ Пакутна плача шлях,\\ Мой шлях:\\ З вараг у грэкі.\\ 2 З прадоннай даўніны,\\ З бялёсага туману\\ Павыплывуць чаўны –\\ Звярэдзяць сэрца рану.\\ \\ Таемнага агню\\ Над хвалямі свячэнне.\\ Плывуць упершыню\\ Дзяды супроць цячэння\\ \\ Гадоў, вякоў, эпох,\\ Вяртаюцца на строму,\\ Дзе вечнасць іх сцярог\\ Раскуты голас грому.\\ \\ Зажурана ў палях\\ Прымружыў дзень павекі.\\ Пакутна плача шлях,\\ Іх шлях:\\ З вараг у грэкі... ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>палесся-абрус-аксамітны]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-журботны-працяг-песні]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-прыпяць]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-прыціхне-ў-прыцемках-]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-мора-герадота]]