~~META: title = Мікола Мятліцкі — Дыпціх чакання &keywords = Хойнікі, вёска &abstract = Чытаць "Дыпціх чакання" Міколы Мятліцкага &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Мятліцкі — Дыпціх чакання ====== **1. Вёска**\\ \\ Не паверу: ніхто не жыве\\ У хатах тваіх астыглых.\\ Крокі зноў чую – гэта\\ Вяртаюцца дадому з кладоў\\ Дзяды.\\ (Мулка ў магілах ім стала,\\ Гукаюць мёртвыя хаты.)\\ Бабуля мая Аксіння\\ Гоніць перад сабой\\ Чароды аблок –\\ З белага небнага раю.\\ Бацька з касой на плячы\\ (Вырваў з рук чорнае смерці)\\ Ідзе поплавам.\\ Маці...\\ З чым, мама, ты крочыш\\ На гэтым перасяленні памяці?\\ Што ў руках? Калыска\\ Маленькай памерлай дачкі...\\ \\ Жывіце!\\ Гэта вашая вёска.\\ Паспяшаліся выпісаць вас\\ У сельсавеце.\\ Я не магу бачыць вёску пустою –\\ Жывіце!\\ \\ ...Час пашырае жылплошчу\\ Смерці.\\ \\ \\ **2. Прыпынак**\\ \\ Каторую ноч\\ Я выходжу на прыпынак аглухлы\\ За вёску і бачу адно:\\ Кроячы фарамі цемрадзь,\\ Гойдаючы на шыбінах водсветы,\\ Паяўляюцца з лясістай смугі\\ Аўтобусы,\\ I яркі агонь\\ Высвечвае шыльды-пазнакі:\\ «Чамкоў – Хойнікі»,\\ «Уласы – Хойнікі»,\\ «Масаны – Хойнікі»,\\ «Пагоннае – Хойнікі»,\\ «Аравічы – Хойнікі»...\\ \\ Яны скрыпуча тармозяць\\ На прыпынку сярэдначы,\\ І ўсё,\\ Гарбацячыся ў цемрыве ночы,\\ Спалошліва мкнецца ў раскрытыя дзверы –\\ Хаты і дрэвы,\\ Калодзежныя жураўлі і хмары,\\ Тарфяныя бугры\\ I ржавая каналаў вада...\\ \\ Пусткаю чорнай\\ Робіцца Бабчын.\\ \\ Аўтобусы,\\ Пускаючы дым,\\ Далей імкнуцца.\\ Ім багата каго падабраць\\ На гэтай дарозе...\\ А я адзін застаюся\\ Сярэдначы\\ Пасярод самай жудотнай\\ Пустыні свету,\\ Каб дачакацца,\\ Калі ж яны\\ Рушаць назад\\ З перавернутымі шыльдамі:\\ «Хойнікі – Чамкоў»,\\ «Хойнікі – Уласы»,\\ «Хойнікі – Масаны»,\\ «Хойнікі – Пагоннае»,\\ «Хойнікі – Аравічы»...\\ Калі высадзяць\\ I на гэтым прыпынку\\ Усё,\\ Што забралі, павезлі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-яніха]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-чаканне-сонца]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-усмешка-джаконды]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-бяссмертнік]] * [[творы/мікола-мятліцкі/творчасць-міколы-мятліцкага]]