~~META: title = Мікола Матукоўскі — Паядынак &keywords = Матукоўскі, паядынак, Заслонаў &abstract = Чытаць кароткі змест і аналіз драмы Міколы Матукоўскага "Паядынак" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Матукоўскі — Паядынак ====== Драма Мікалая Матукоўскага "Паядынак" (1985) з'яўляецца новай спробай у жанры гераічнай камедыі. Драматурга цікавяць тыя акалічнасці, якія звязаны з канспірацыяй, тактыкай партызанскай і падпольнай барацьбы, уменнем стаіцца і нанесці нечаканы ўдар.\\ Дзеянне твора, насычанае нечаканымі паваротамі і [[слоўнік/калізія|калізіямі]], будзе адпавядаць назве ў тым сэнсе, што паядынак -гэта не абавязкова рукапашная, гэта яшчэ і барацьба інтэлектаў, валявых якасцей супраціўнікаў.\\ З рэек сыходзяць цягнікі, у топках паравозаў разрываюцца міны, падкінутыя спрытнымі рукамі. Мароз скоўвае водаправод на чыгуначнай станцыі, і нямецкім эшалонам няма ходу ні на ўсход, ні на захад. Усім кіруюць нейчыя моцныя сіла і розум. Такая [[слоўнік/экспазіцыя|экспазіцыя]] прыдатная для таго, каб увесці вобраз змагара -Канстанціна Заслонава, які, паводле версіі драматурга, надзелены моцнай воляй і інтэлектам.\\ Заслонава выклікаюць на размову, якая больш нагадвае допыт. Ён (як і Цярэшка Калабок) вядзе двайную гульню: стараецца захаваць сваю таямніцу і адначасова ствараць вобраз службоўца, зацікаўленага не палітыкай, а заробкам. І таму гатовы, як ён запэўнівае нямецкае начальства, супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі.\\ Цікава, што ў гэтым напружаным псіхалагічным паядынку добрую ролю могуць адыграць шчырасць, чалавечнасць. Дзіўна, але якраз шчырасцю Заслонава ўведзеныя ў зман маёр СД Бегер і ваенны камендант Оршы Вернер. Да іх трапляе [[слоўнік/аўтабіяграфія|аўтабіяграфія]] Заслонава з камсамольскага даваеннага юнацтва. Яна змяшчае тры запаветныя жаданні, за кожнае з якіх, як выказваецца Бегер, "можна павесіць". Цяпер Заслонава выпрабоўваюць: ці не адмовіцца ён ад сваіх былых памкненняў. Калі адмовіцца -значыць, няшчыры.\\ Заслонаў рэагуе на пытанні нестандартна:\\ "Б е г е р. Нават у сумленнага, чалавека, Заслонаў, бывае мяжа, за якой яго сумленнасць канчаецца... З камсамола вас выключылі, з лётнага вучылішча прагналі. Бацьку вашага арыштавалі, сям'ю выслалі. У вас і мару адабралі. Я разумею, як гэта балюча, калі ў чалавека адбіраюць мару... Скажыце, Заслонаў, няўжо ў вас ніколі не з'явілася жаданне адпомсціць бальшавікам за ўсё, што яны зрабілі вам? І наогул, ці былі ў вас якія-небудзь жаданні? (Паўза). Ну, што вы маўчыцё, Заслонаў?\\ З а с л о н а ў. Думаю...\\ Б е г е р. Думаеце? Пра што?\\ З а с л о н а ў. Гаварыць вам праўду ці не?\\ Б е г е р. Праўда заўсёды даражэй цэніцца, чым няпраўда.\\ Паўза.\\ З а с л о н а ў. Былі ў мяне жаданні... Тры...\\ Б е г е р. Нават тры? Якія?\\ Паўза.\\ З а с л о н а ў. Хацеў стаць добрым інжынерам...\\ Б е г е р. Натуральна. Кожны чалавек хоча ўзяць ад жыцця максімум.\\ Заслонаў. І даць максімум. (Паўза) Хацеў стаць камуністам...\\ Б е г е р. Вы падзялялі іх перакананні?\\ З а с л о н а ў. Не... Я ўжо гаварыў вам, што на кіруючыя пасады яны прызначаюць толькі сваіх, членаў партыі.\\ Б е г е р. Памятаю. Каб патрабаваць з камуніста двойчы - і па адміністрацыйнай і па партыйнай лініі. Так?\\ З а с л о н а ў. Так...\\ Б е г е р. Ну што ж, тут ёсць логіка... І ў вас ні разу не з'явілася жаданне адпомсціць ім за тое, што яны скалечылі жыццё блізкіх людзей, ваша жыццё?\\ З а с л о н а ў (не адразу, узважваючы кожнае слова). Выдаткі, пан маёр, бываюць розныя... Вы ж самі сказалі, што я мог быць забіты. А вы ўсяго толькі пакалечылі мяне. Выходзіць, што я павінен быць удзячны вам!\\ Б е г е р. Не трымайце камень за пазухай, Заслонаў... А якое ў вас было трэцяе жаданне? Забыліся? Не памятаеце?\\ З а с л о н а ў (пасля паўзы). Памятаю... Хацеў пабачыць Сталіна...\\ Б е г е р. Сталіна? Навошта?\\ З а с л о н а ў. Хацеў пагаварыць з ім...\\ Б е г е р. Пра што?\\ З а с л о н а ў. Пра многае... Пра жыццё.\\ Б е г е р. І пра "выдаткі" сталі б з ім гаварыць?\\ З а с л о н а ў. І пра "выдаткі" таксама...\\ Б е г е р. Дзякуйце Богу, што ён не ажыццявіў ваша жаданне... Вы, Заслонаў, сапраўды сумленны чалавек. І на рэдкасць мужны. Сярод рускіх я сустракаю такога ўпершыню. Я хачу, каб вы былі нашым ідэйным саюзнікам.\\ З а с л о н а ў. З саюзнікамі, пан маёр, так не абыходзяцца.\\ Б е г е р. Свае білі вас мацней. Аднак жа вы ім даравалі! Спадзяюся, даруеце і нам. Зараз я прышлю да вас доктара. Вы свабодны, Заслонаў. Ідзіце ў дэпо і працуйце..."\\ У гэтым дыялогу і ў іншых сцэнах ёсць прыкметы авантурна-прыгодніцкага дзеяння, рысы "шпіёнскай" літаратуры. Заслонаў нечым паўтарае паводзіны кінагероя, што нарадзіўся ў асяроддзі савецкага "маскульту" - славутага Штырліца з раманаў Ю. Сямёнава. У фінале твора ён спрытна выбаўляецца ад ворагаў, што падрыхтавалі яму пастку. Ёсць у п'есе і спрашчэнні, і моманты штучнай рамантызацыі, якія часта сустрэнеш у творах прыгодніцкага жанру.\\ Знаходзім і вартыя ўвагі псіхалагічныя назіранні. "Двайной гульні" Заслонава перашкаджае часам яго залішняя даверлівасць. Так было ў свой час з Кастусём Каліноўскім, героем трагедыі [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]].\\ Сярод персанажаў п'есы "Паядынак" ёсць асоба, больш спрактыкаваная ў майстэрстве хлусні, - Манш, афіцэр абвера. Заслонаў давяраецца яму, і ў выніку ледзьве не гіне.\\ У ацэначнай, канцэптуальнай частцы п'есы драматург спрабуе спалучыць два пласты часу: ваеннае мінулае і сучаснасць. Прыём, трэба адзначыць, характэрны для сучаснай драматургіі. У заключнай сцэне Заслонаў звяртаецца да нашчадкаў, як быццам паміж былым і сучаснасцю няма часавай дыстанцыі: "Людзі! Вас многа! Мільёны! Мільярды! І ніхто з вас не хоча вайны і смерці! Дык чаму ж вы дазваляеце страляць ружжам і гарматам? Што вам дзяліць між сабой? Неба? Сонца? Зямлю?.. Іх хопіць на ўсіх! Што ж вы робіце, людзі?.. Вашай крывёй, якую вы пралілі на войнах, можна напоўніць акіян! З вашых касцей, што засталіся на палях бітваў, можна насыпаць горы!.. Вы чуеце, як цяжка з дня ў дзень, удзень і ўначы плешча пад вамі і гайдае зямлю крывавы акіян? Вы чуеце, як страшна варушацца гэтыя горы, клічучы ваш розум і ваша сумленне! Спыніцеся, адумайцеся, пакуль не позна!"\\ У мастацкіх адносінах такі драматургічны ход не вытрымлівае ніякай крытыкі: занадта просталінейнае, лабавое вырашэнне; у маналогу зашмат рыторыкі, чыстай публіцыстычнасці.\\ Жаданне аўтара закрануць хаця б такім спосабам праблему захавання міру адпавядае агульнай тэндэнцыі сучаснай літаратуры пра вайну. ===== Падобныя старонкі ===== * [[аналіз-і-крытыка/сатырычная-камедыя-м-матукоўскага-амніст]] * [[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-амністыя]] * [[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-бездань]] * [[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-мудрамер-аналіз-твора]] * [[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-мудрамер]]