~~META: title = Мікола Гіль — Чаго смяяўся кот Васька &keywords = тата, хлопчык, лыжку, мама, міколка, бабуля, супу, сынок, бабулю, васька, раскрывай, казку, міколку &abstract = Чытаць апавяданне Міколы Гіля "Чаго смяяўся кот Васька" &iftrue = True ~~ ====== Мікола Гіль — Чаго смяяўся кот Васька ====== Накарміць Міколку – проста бяда. То яму нясмачна, то горача, то яшчэ што. Сядзе за стол, а вакол і мама, і тата, і бабуля – упрошваюць, угаворваюць, казкамі забаўляюць, абы хлопчык што-небудзь з’еў.\\ Вось і сёння. Паставіла бабуля перад Міколкам місачку фасолевага супу і сказала:\\ – Еш, унучак, еш, любенькі... З’ясі – падрасцеш вялікі, дужы будзеш.\\ – Гарачы суп, – моршчыцца Міколка.\\ – Ну што ты выдумляеш, каток! А калі трошачкі гарачаваты, дык – падзьмухай! Вецер жа ў цябе пад носам, – лагодна просіць бабуля.\\ – Няма ў мяне пад носікам ніякага ветру! Сама дзьмухай! – кладзе лыжку хлопчык.\\ – Ну, добра, добра, давай я цябе пакармлю.\\ – Не хачу, каб ты! Хачу, каб мама! – патрабуе Міколка.\\ Прыйшла мама. Зачэрпнула лыжку супу, кажа да сына:\\ – Раскрывай раток і – гам!\\ – Не, так я не хачу! Хачу пад казку есці! – адварочваецца хлопчык.\\ – Давай пад казку, – гаворыць мама. – Гэтую лыжачку ты з’ясі за тату. Добра?\\ – Добра, – урэшце згаджаецца хлопчык.\\ – А другую – за бабулю...\\ – Не хачу за бабулю! Не хачу за бабулю! – закрывае ручкай рот Міколка.\\ – Ну, ведаеш, сынок, дурэць мне з табой часу няма, – злуецца мама. – Вось паклічу зараз тату. Хай ён на цябе насварыцца, калі ты такі свавольнік і капрызуля!\\ Тата прыйшоў у кухню з экскаватарам у руках. і Паставіў яго на стол і сказаў:\\ – Зараз мы, сынку, такое з табой прыдумаем, што ў хвіліну міска твая пустая будзе!\\ Прывязаў тата лыжку да каўша экскаватара, зачэрпнуў ёю супу, загадаў сыну:\\ – Раскрывай кузаў, шафёр! Рот, значыцца... А я перакулю табе зараз гэты коўш пяску... Выбачай, сынку, не пяску, а супу!\\ Ловіць Міколка ротам лыжку, злавіць ніяк не можа. Урэшце злавіў, а лыжка вазьмі ды адвяжыся. Суп і разліўся. Тата памкнуўся зноў лыжку прывязаць, ажно заходзіць у кухню бабуля і, смеючыся, гаворыць:\\ – Думала, кот наш, Васька, ашалеў! Аж гэта ён так рагатаў з вашай яды. Качаецца па падлозе і рагоча. А ў самога пыска такая хітрая, быццам кажа: «І як таму Міколку не сорамна! Такі вялікі хлопчык, а есці не ўмее!»\\ Спахмурнеў тата, задумаўся. А потым і гаворыць сыну:\\ – Нешта ў нас, сынок, і праўда не тое. Што ж гэта атрымліваецца? Каб з цябе кот смяяўся? Гэты гультай і абібок Васька? Не да твару гэта, сынок, мужчыне. А ты ж у мяне мужчына, праўда?\\ – Мужчына, – кіўнуў галавой Міколка.\\ – А мужчыны як паводзяць сябе за сталом? – спытаў тата.\\ – Бяруць лыжку і ядуць, – адказаў хлопчык.\\ – І чысценька, да дна! – падміргнуў яму тата. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацька-і-сын]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-дзе-прывітанне]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-памяці-бацькі]] * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-татава-аўтаручка]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-татаў-родны-куток]]