~~META: title = Мікола Гіль — Татава аўтаручка &keywords = тата, максімка, сынок, сварыся, гуляй, бабулю, мама, пакой, маму, бабуля, ручкі &abstract = Чытаць апавяданне Міколы Гіля "Татава аўтаручка" &iftrue = True ~~ ====== Мікола Гіль — Татава аўтаручка ====== \\ Сеў тата пісаць – а ручка не піша. Ён яе і трос, і чарніла нанова набіраў – не піша і ўсё. Гукнуў тады Максімку:\\ – Сынок, ты маёй ручкі не чапаў?\\ – Не, тата, не чапаў...\\ – Такая харошая ручка была! Прыйдуць мама з бабуляй, трэба будзе ў іх спытаць, мо яны бралі ды незнарок сапсавалі... А ты, сынок, ідзі гуляй.\\ Максімка паволі пайшоў у свой пакой і гэтак жа паволі зачыніў за сабой дзверы. Тата схіліўся над сталом. Ды неўзабаве Максімка зноў прыйшоў і дакрануўся да татавага пляча:\\ – А калі мама тваёй ручкі не брала?\\ Тата ўважліва паглядзеў на сына і, нібы аб нечым здагадаўшыся, сказаў:\\ – Мабыць, бабуля скінула яе са стала.\\ – А калі і бабуля не вінавата? – не адступаў Максімка.\\ – То тады і не ведаю, на каго думаць, – развёў тата рукамі. – Ты ідзі, гуляй, сынок, а мне працаваць трэба.\\ Але хлопчык не адыходзіў. Ён пастаяў, памаўчаў, затым зноў спытаў:\\ – I ты будзеш на іх сварыцца?\\ – На каго?\\ – На маму і на бабулю.\\ Тата ледзь прыкметна ўсміхнуўся:\\ – Пэўна, буду. Такую добрую ручку сапсавалі.\\ – Шкада мамы і бабулі...\\ Максімка ўздыхнуў і моўчкі пайшоў у другі пакой.\\ Цікаў на стале гадзіннік, адлічваючы секунды і мінуты: цік-так, цік-так... Пад гэта ціканне тату добра працавалася. Ён так захапіўся работай, што не заўважыў, як зноў падышоў сын.\\ – Не сварыся, тата, – паціху прамовіў ён, – не сварыся на маму і бабулю... Насварыся лепей на мяне... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-татаў-родны-куток]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацька-і-сын]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-памяці-бацькі]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-дзе-прывітанне]] * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-чаго-смяяўся-кот-васька]]