~~META: title = Мікола Гусоўскі — Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай...) &keywords = Рыме, жывёлін, аблавы &abstract = Чытаць урывак з паэмы Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра" (Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай...) &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Гусоўскі — Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай...) ====== Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай\\ Сведкам відовішча быў я – бою быкоў на арэне.\\ Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны,\\ Стрэлы ж і коп’і ўпіваліся ў цела жывёлін,\\ Боль прычыняючы ім невыносны. Пакуль мы глядзелі,\\ Як вар’яцеюць быкі і як бліскае ярасць\\ З позіркаў раненых, гул выклікаючы ў цырку, –\\ Хтосьці сказаў: «Як у нас на зубрынай аблаве».\\ Я пагадзіўся і там жа ў сваім асяроддзі\\ Усё расказаў, што і ў нас у змаганні зацятым\\ Гэткім жа чынам адольваюць дужага звера.\\ Як і гаворыцца ў прыказцы мудрай, язык мой\\ Мой жа быў вораг. Праслухаўшы ўсё ў захапленні,\\ Мне загадалі адразу ж узяцца за працу,\\ Каб успаміны свае, пераліўшы ў памер вершаваны,\\ Песняй зрабіць і пра нас, і пра нашы аблавы.\\ Бачыце, я, між паэтаў часовы абраннік,\\ Вымушан скласці свой спеў аб краіне з багаццем\\ Свету жывёльнага ў ёй, бо і звер гэты цудам\\ Толькі шчэ ў нас захаваўся пад зоркай Палярнай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>у-белавежскай-пушчы]] * [[ibdc.ped>гаспадар-пушчы]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-каго-баіцца-зубр]] * [[ibdc.ped>крэпасць-на-мяжы]] * [[ibdc.ped>зубрыная-сцежка]]