Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:мікола-гусоўскі:мікола-гусоўскі-урывак-з-паэмы-песня-пра-2375

Гэта старая версія дакумента!


Мікола Гусоўскі — Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы...)

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы
Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,
I называюць той век залатым. Разбяромся:
Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай
Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца
Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна
Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.
Ён быў набожны, і першы з народамі княства
Сам ахрысціўся, прызнаўшы, што з верай паганскай
Повязі ўсе парывае, а ідалаў веры
Ён загадаў пазбіраць і панішчыць, і цэрквы
Богу адзінаму скрозь будаваў, і надзелы
Служкам духоўным адвальваў з угоддзяў не скупа.
Славу і ўхвалу вялікаму князю аддаў я
Поўнаю мерай, хаця і зусім не сумысля
Ратныя справы яго абышоў. Адчуваю:
Гледзячы доўга назад, я паглыбіўся ў нетры
Даўняе даўнасці, збіўся з напрамку, а трэба ж
Брацца па сцежцы на поўнач, да свойскага лесу,
Ды і пара б мне дапець сваю песню пра зубра.

Падобныя старонкі

  • крэпасць-на-мяжы
  • мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-каго-баіцца-зубр
  • зубрыная-сцежка
  • у-белавежскай-пушчы
  • гаспадар-пушчы
творы/мікола-гусоўскі/мікола-гусоўскі-урывак-з-паэмы-песня-пра-2375.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki