~~META: title = Мікола Гусоўскі — Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы...) &keywords = Гусоўскі, зубр, паэма, Вітаўт &abstract = Чытаць урывак з паэмы Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра" (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы...) &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Гусоўскі — Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы...) ====== Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы\\ Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,\\ I называюць той век залатым. Разбяромся:\\ Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай\\ Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца\\ Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна\\ Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.\\ Ён быў набожны, і першы з народамі княства\\ Сам ахрысціўся, прызнаўшы, што з верай паганскай\\ Повязі ўсе парывае, а ідалаў веры\\ Ён загадаў пазбіраць і панішчыць, і цэрквы\\ Богу адзінаму скрозь будаваў, і надзелы\\ Служкам духоўным адвальваў з угоддзяў не скупа.\\ Славу і ўхвалу вялікаму князю аддаў я\\ Поўнаю мерай, хаця і зусім не сумысля\\ Ратныя справы яго абышоў. Адчуваю:\\ Гледзячы доўга назад, я паглыбіўся ў нетры\\ Даўняе даўнасці, збіўся з напрамку, а трэба ж\\ Брацца па сцежцы на поўнач, да свойскага лесу,\\ Ды і пара б мне дапець сваю песню пра зубра. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>крэпасць-на-мяжы]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-каго-баіцца-зубр]] * [[ibdc.ped>зубрыная-сцежка]] * [[ibdc.ped>у-белавежскай-пушчы]] * [[ibdc.ped>гаспадар-пушчы]]