~~META: title = Пасляваенная лірыка Максіма Танка &keywords = Танк, лірыка, вайна &abstract = Аналіз пасляваеннай лірыкі Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Пасляваенная лірыка Максіма Танка ====== Эмацыянальны запал і палемічнасць у поглядах на чалавека і навакольны свет бліскуча выявіліся ў кнігах [[постаці/максім-танк|Максімма Танка]] пасляваеннага часу. Паэтызуючы пасляваеннае жыццё, мірную стваральную працу, ён увасабляе іх у вобразе мацярынскіх рук. "Іх цалавала зямля Сваімі пясчанымі вуснамі I каласамі", — усклікае паэт у вершы "[[творы/максім-танк/максім-танк-рукі-маці|Рукі маці]]", каб тут жа кантрасна зазначыць: Колькі сягоння на іх\\ Віднеецца чорных, глыбокіх\\ Шрамоў і маршчынаў,\\ Гэта сляды, што навекі пакінуў\\ Шлях наш суровы. \\ Верш "[[творы/максім-танк/максім-танк-мой-хлеб-надзённы|Мой хлеб надзённы]]" даў назву аднайменнаму паэтычнаму зборніку Максіма Танка, які выйшаў у 1957 годзе. Гэта праграмны твор, які можа служыць [[слоўнік/эпіграф|эпіграфам]] да ўсёй творчасці паэта. Планета Зямля ў яе глабальным маштабе неадлучная ад зямлі, якая ўзрасціла паэта. "Непакой за цябе, зямля мая, — мой хлеб надзённы", — гаворыць [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|лірычны герой]], асэнсоўваючы свой асабісты лёс і гістарычны лёс свайго народа праз шматгранную сімволіку хлеба: Часамі ён горкі ад пылу быў,\\ Часамі салёны ад слёзаў быў,\\ Часамі гарачы ад пораху быў,\\ Але і салодкі ад дружбы быў\\ Мой хлеб надзённы. \\ Музыка радкоў, дзівосная пераклічка [[слоўнік/анафара|анафар]] (паўтораў у пачатку радка) і [[слоўнік/эпіфара|эпіфар]] (паўтораў у канцы) робіць твор адметным і запамінальным.\\ З гэтым творам пераклікаецца і верш "[[творы/максім-танк/максім-танк-перапіска-з-зямлёй|Перапіска з зямлёй]]", які даў назву аднайменнаму зборніку (1964). Тут, адухаўляючы зямлю, Максім Танк вылучае самае істотнае, на яго погляд, ва ўзаемадачыненнях чалавека з навакольнай рэчаіснасцю. І гэтым асноўным з'яўляецца зноў жа стваральная праца, бо на напісаныя зямлі лісты і "пяром", і "смыкамі ўсіх скрыпак", і "штыком, і сапёрнай лапаткай" лірычны герой не атрымлівае адказ: Толькі на ліст мой,\\ Напісаны плугам.\\ Вось ён.\\ Парэжце на скібы яго.\\ Частуйцеся.\\ Ешце. \\ Шэдэўрам танкаўскай лірыкі называюць славуты верш [[творы/максім-танк/максім-танк-ave-maria|"Ave Maria!"]]. Гэты верш, напісаны ў шасцідзесятыя гады, утрымлівае ў сабе тым не менш згадкі яго віленскай маладосці — вузкія вулкі, старадаўнія камяніцы, званы святыняў, што клічуць на малітву гурт манашак у чорным адзенні: Нат пад жалобнай вопраткай чорнай\\ Ты адгадаеш: стан непакорны,\\ Ножкі, якімі б на карнавалах\\ І захапляла і чаравала,\\ Смуглыя рукі, грудзі тугія, —\\ Ave Maria! У сучасным свеце, які перастаў быць адназначна атэістычным, гэтае кантраснае супрацьпастаўленне матэрыяльнага, зямнога і духоўнага, Боскага ў танкаўскім вершы ўспрымаецца з пэўнай доляй умоўнасці. Паэт увасобіў тут свой ідэал жаночага хараства, які суадносіўся ў яго заўсёды найперш — з народнымі ўяўленнямі аб прыгажосці, што грунтуецца на ідэале ўвішнай працавіта-руплівай маці дому, гаспадыні.\\ Лірыка Максіма Танка 50-80-х гадоў надзвычай разнастайная па змесце, яна ўключае і філасофскі роздум над сутнасцю паэзіі ўвогуле, які ўвасобіўся ў знакамітым вершы "[[творы/максім-танк/максім-танк-паэзія|Паэзія!]]" Я ведаў, што ты — бліскавіца,\\ Што хмары рассекла:\\ Я ведаў, што ты — вызваленне\\ З няволі і пекла, — з такой эмацыянальнай сілай і напружанасцю радка пачынае паэт свой маналог пра сутнасць паэзіі, які завяршае па-танкаўску смела і непрадказальна: А ты аказалася большым:\\ Ты — кроў, што пульсуе па жылах...\\ \\ І без чаго, як без маці\\ Або без радзімы,\\ Ні нараджацца, ні жыць\\ На зямлі немагчыма. \\ На працягу ўсяго свайго жыцця Максім Танк цікавіўся тэорыяй мастацтва, новымі тэндэнцыямі і пошукамі ў галіне паэзіі. І ў гэтым плане зразумелая і вытлумачальная яго цікавасць да класікі, як да айчыннай ("Эх, Багрыме", "Над магілай Багдановіча", "Францішак Багушэвіч"), так і да замежнай — вершы "Сяргей Ясенін", "Трэска з дому Шэкспіра". Найбольш любімай формай выказвання паэтычнага пачуцця ў Максіма Танка быў верлібр.\\ [[слоўнік/свабодны-верш-верлібр|Верлібр, або свабодны]] верш, гэта верш, які не мае фармальных прымет вершаскладання (метра і рыфмы), але валодае пэўным рытмам і заснаваны на лірычным успрыманні свету. Свабодны верш узнік у амерыканскай і еўрапейскай літаратурах у сярэдзіне XIX стагоддзя. Яго пачынальнікамі можна лічыць амерыканца Уолта Уітмена і нямецкага паэта Генрыха Гейнэ. Тэрмін "верлібр" увёў ва ўжытак французскі паэт Г. Кан.\\ У аснове рытму верлібра — чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў. Важнае значэнне ў верлібры мае графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне міжрадковых паўз. У радках верлібра паўтараюцца перш за ўсё дапаможныя [[слоўнік/рытмастваральныя-кампаненты|рытмастваральныя кампаненты]]: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх формы, гукаспалучэнні, націскі і інш. Характэрна, што ў свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтору, яна ўвесь час змяняецца. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе знакамітага верлібра Максіма Багдановіча [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-я-хацеў-бы-спаткацца-з|"Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..."]]. У XX стагоддзі верлібр шырока распаўсюдзіўся ў літаратуры. Ім карысталіся такія славутыя рускія паэты, як А. Блок, У. Маякоўскі, М. Цвятаева, літовец Э. Межэлайціс, украінец І. Драч. У беларускай літаратуры ў творчасці Максіма Танка верлібр стаў адным з асноўных відаў верша, пачынаючы з самых першых [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка|давераснёўскіх]] яго зборнікаў. У другой палове XX стагоддзя верлібр распаўсюдзіўся ў творчасці беларускіх паэтаў маладзейшага пакалення: [[творы/анатоль-вярцінскі/творчасць-анатоля-вярцінскага|Анатоля Вярцінскага]], [[творы/янка-сіпакоў/творчасць-янкі-сіпакова|Янкі Сіпакова]], Р. Семашкевіча, А. Наўроцкага, [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава|Алеся Разанава]]. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]]