~~META: title = Максім Танк — Ave Maria &keywords = Танк, ave, Maria &abstract = Чытаць верш "Ave Maria" Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Ave Maria ====== Звон кафедральны кліча на Ave.\\ З цесных завулкаў злева і справа\\ Гуртам манашкі ў чорным адзенні\\ Цягнуцца, быццам сумныя цені.\\ Тут і старыя, і маладыя,—\\ Ave Maria...\\ \\ Я не звярнуў бы і ўвагі можа,\\ Каб не пабачыў між іх прыгожай\\ Адной манашкі, якая мае\\ Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;\\ Чорныя вочы, бровы густыя,—\\ Ave Maria!\\ \\ Нат пад жалобнай вопраткай чорнай\\ Ты адгадаеш: стан непакорны,\\ Ножкі, якімі б на карнавалах\\ I захапляла і чаравала,\\ Смуглыя рукі, грудзі тугія,—\\ Ave Maria!\\ \\ Глядзіць набожна на крыж пятровы,\\ А я малюся на яе бровы:\\ Няўжо, красуня, ты не шкадуеш,\\ Што хараство і жыццё марнуеш?\\ Як танцавалі б ножкі такія,—\\ Ave Maria!\\ \\ Цябе атрутаю апаілі,\\ Ружанцам рукі табе скруцілі.\\ Смялей парві ты яго, не бойся!\\ У полі недзе шуміць калоссе...\\ О, як бы жалі рукі такія,—\\ Ave Maria!\\ \\ А потым хутка прыйшло б каханне,\\ Страчала б з мілым свой золак ранні.\\ А потым стала б ты гаспадыняй\\ I калыхала б сваю дзяціну!\\ О, як кармілі б грудзі такія,—\\ Ave Maria!\\ \\ Не знаю, можа, мая малітва\\ Мне памагла б выйграць гэтую бітву,\\ Але пазвалі яе; манашка\\ Пайшла за ўсімі, ўздыхнуўшы цяжка,\\ Пад зводы змрочныя і глухія,—\\ Ave Maria!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]]