~~META: title = Максім Танк — Сярод лясоў наднёманскіх &keywords = кране, звон, раяцца, світання, бядзе, начы, дапамагчы, верачцы, гуллівыя, лясной, кусціка, павучка, верачка &abstract = Чытаць казку Максіма Танка "Сярод лясоў наднёманскіх" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Сярод лясоў наднёманскіх ====== Сярод лясоў наднёманскіх,\\ Густога сасняка\\ Жыла малая Верачка –\\ Дачушка лесніка.\\ \\ Яна дружыла з дрэвамі,\\ З птушынаю сям'ёй,\\ Звярынай усялякаю\\ І з ягадай лясной.\\ \\ Ды вось аднойчы восенню\\ Лес, чуе, не пяе.\\ І стала ёй нявесела,\\ Сум агарнуў яе.\\ \\ Шкада ёй ападаючых\\ Лістоў і матылькоў,\\ Шкада ёй адлятаючых\\ У вырай журавоў.\\ \\ І вось пацешыць Верачку\\ Жучкі прыбеглі спрытныя,\\ Камарыкі гуллівыя,\\ Мурашкі працавітыя.\\ \\ Гудуць, звіняць і раяцца\\ З світання да начы,\\ Не знаюць, як гаротніцы\\ Ў бядзе дапамагчы.\\ \\ Прыбеглі зайцы шэрыя,\\ Вавёрачкі гуллівыя,\\ Бабры, лісіцы, вожыкі,\\ Казулі палахлівыя.\\ \\ Паселі кругам, раяцца\\ З світання да начы,\\ Не ведаюць, як Верачцы\\ Ў бядзе дапамагчы.\\ \\ Усёй сям'ёй з'явіліся\\ Цецерукі стракатыя,\\ Глушцы, вароны з совамі\\ Ды з дзятламі насатымі.\\ \\ Сядзяць на дрэвах, раяцца\\ З світання да начы,\\ Не ведаюць, як Верачцы\\ Ў бядзе дапамагчы.\\ \\ Пачуў пра гэта павучок.\\ Пытае: – Што за гул?\\ Мо я, сябры-таварышы,\\ Як-небудзь памагу? –\\ \\ – Ну, дзе табе! Маўчаў бы лепш\\ Ты ў засені лістка, –\\ Гавораць і смяюцца ўсе\\ З малога павучка.\\ \\ І ён па павуціначцы\\ Пакрыўджаны палез\\ Дамоў, пад ліст арэхавы,\\ У хмызнякі, у лес.\\ \\ А як настала ночанька,\\ Серп месяца заззяў,\\ Ён павуціну тонкую\\ Хутчэй снаваць пачаў.\\ \\ Ад кусціка да кусціка,\\ Між лапак і галін,\\ Ад елкі да сасоначкі,\\ Ад неба да зямлі.\\ \\ А потым зоры ясныя\\ З краплістаю расой\\ Павесіў ён званочкамі\\ На павуцінцы той.\\ \\ Калі ж прачнулася зара\\ І ветрык прыляцеў,\\ Лес залатымі струнамі,\\ Ажыўшы, зазвінеў.\\ \\ На звон устала Верачка.\\ Сцяжынаю лясной\\ Ідзе яна і дзівіцца,\\ Што лес спявае з ёй.\\ \\ Кране рукой рабіны куст –\\ Звон чуецца рабінавы,\\ Кране яна каліны куст –\\ Звон чуецца калінавы.\\ \\ А сонца струны павучка\\ Кране празрыстым променем,\\ Заслухаешся, як гудуць\\ Лясы-бары над Нёманам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]]