Максім Танк — Садзіце лясы!

Садзіце лясы! Садзіце лясы
Ва ўсе гадавіны, прыгоды, часы!

I саджанцам, як немаўлятам, зялёным
Давайце на хрэсьбінах гэтых імёны –

Імёны сваіх незабыўных бацькоў,
Імёны каханых, імёны сяброў.

Імёны падзей, што палаюць зарою,
Імёны авеяных славай герояў

I рознапляменных народаў, дзяцей,
Імёны сузор’яў і нашых надзей.

Каб дрэвы і ранняй і позняй парой
Заўсёды шумелі над мірнай зямлёй.

1984

Падобныя старонкі