творы:максім-танк:максім-танк-рукі-маці
Гэта старая версія дакумента!
Максім Танк — Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
І каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
І на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
І ў сэрцы.
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-рукі-маці.1755963801.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin