Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:максім-танк:максім-танк-родная-мова

Гэта старая версія дакумента!


Максім Танк — Родная мова

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор'яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.

Няма на зямлі таго шчасця і гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было і што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
I нівы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сарэбраны гром
I вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.

Падобныя старонкі

  • максім-танк
  • максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка
  • максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка
  • максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка
  • максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян
творы/максім-танк/максім-танк-родная-мова.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki