~~META: title = Максім Танк — Пах баравіковы &keywords = значыць, восень &abstract = Максіма Танка "Пах баравіковы" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Пах баравіковы ====== Дык, значыць, восень зноў брыдзе разлогамі.\\ Ля печы сушацца з цыбуляй разам\\ Вянкі грыбоў – лясныя анталогіі\\ Неверагодных, фантастычных казак.\\ \\ Вось гэты баравік рос там, дзе забалаць\\ (Пад лён зязюльчын нават шапкі колер).\\ Ён можа расказаць, як шуміць папараць\\ I ваўчанят вядзе ваўчыца борам.\\ \\ А гэты жыў, дзе ягаднікі сінія.\\ Прапах увесь п’янічнікам, ядлоўцам.\\ Ён знае закуткі цецеравіныя,\\ Нябачныя для воч людскіх і сонца.\\ \\ А гэты быў прысыпаны ігліцаю\\ На верасам расквечаным пагорку.\\ Ён знае баравыя таямніцы ўсе\\ Пра барсука, пра дзятла, пра вавёрку.\\ \\ Я іх збіраў. I мо’ таму да раніцы\\ Прыпамінаюцца мне ўсе грыбныя сховы.\\ Дык, значыць, восень зноў, калі ўрываецца\\ I ў сон і ў сэрца пах баравіковы.\\ \\ 1964 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]]