Максім Танк — Нашто ты косы заплятаеш...

Нашто ты косы заплятаеш,
У танцы кружыш агнявым,
Нашто каралі прымяраеш
Перад люстэркам нежывым?

Яно маўчыць, яно не можа
I сотай долі перадаць,
Як выглядаеш ты прыгожа,
Як вочы зорамі гараць.

Ты лепш пакліч мяне, красуня,
Хоць на хвіліну да сябе,
I мне не будзе гэтак сумна,
І я дапамагу табе

Прымераць стужкі, завушнічкі,
I плечы хусткай ахінуць,
I лакавыя чаравічкі
Перад «Лявоніхай» абуць.

Ты ўсё мне дараваць не можаш,
Што першы раз як памагаў,
Караляў шнур неасцярожна
Рукой няўмелаю парваў.

1955

Падобныя старонкі