~~META: title = Максім Танк — Над ракой &keywords = ранкам, ракой &abstract = Чытаць верш "Над ракой" Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Над ракой ====== Над ракой, што прабягае\\ Праз далёкае маленства\\ I забытыя легенды,\\ Неяк зноў спыніўся я.\\ \\ Зноў у тоні, як у люстры,\\ Ўбачыў белыя аблокі,\\ Кучаравыя бярозы,\\ Быстры човен рыбака.\\ \\ I здаецца, каб даўжэй я\\ Паўглядаўся, мог бы ўбачыць\\ I знаёмую русалку,\\ Што тут некалі жыла.\\ \\ Што ля млына кожным ранкам\\ Выплывала рваць лілеі,\\ Потым на зары сушыла\\ Косы русыя свае.\\ \\ Толькі я, неасцярожны,\\ Ідучы, абрушыў камень,\\ I ў разбітым люстры тоні\\ Зніклі цені дзён былых. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]]