~~META: title = Максім Танк — Мухамор &keywords = мухамор, лесе, казлякі, бары, сасны, траў, рыжкі, падасінавік, галаву, зялены, траве, камары &abstract = Чытаць вершаваную казку Максіма Танка "Мухамор" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Мухамор ====== Баб’ім летам да зары\\ У зялёным гушчары,\\ Дзе мох сцелецца рабы,\\ Паспрачаліся грыбы.\\ \\ На ўвесь лес, зялёны бор,\\ Расхваліўся Мухамор,\\ Што пад шапкай – маку цвет\\ Ён дзяцюк на цэлы свет.\\ \\ Боты, гузікі гараць,\\ Яму дзеўкі не дабраць\\ Ў цэлым лесе пад сасной\\ Ні багаццем, ні красой.\\ \\ Мог-бы смела быць паслом\\ Або нават і царом –\\ Не сядзець век у траве\\ Ды разумнай галаве!\\ \\ – Ты хваліцца лепей кінь! –\\ Яму радзілі Рыжкі, –\\ Плёткі чуючы твае,\\ Падасінавік злуе.\\ \\ На чырвоны твой язык\\ Скасурыўся Чашчавік.\\ Табе ўсыпяць пад бакі\\ Калі-небудзь Казлякі...\\ \\ – Мне начхаць на вас, на бор! –\\ Горда кажа Мухамор,\\ Калі біцца – паглядзім,\\ Хто паставіць на сваім!\\ \\ А, залёгшы у траве,\\ Ўсё падслухаў Муравей,\\ Там, дзе мох і дзераза,\\ Сыраежцы расказаў.\\ \\ Ды ў зялёным у бары\\ Гэта чулі Камары,\\ Яны вестку разняслі\\ Ўсім Апенькам на зямлі.\\ \\ А Ваўнянкам у паўдні\\ Раззванілі Авадні...\\ Болей, як вясной у жаб,\\ Было гутарак у баб.\\ \\ Аж прачнуўся на той крык\\ Пад яленцам Баравік,\\ Дзе пад мохам, як парсюк,\\ Спаў, сагнуўшыся у крук.\\ \\ I пачаў ён развадзіць,\\ Мудра радзіць і судзіць,\\ Расшумеўшыся, з-пад траў,\\ Нават галаву падняў.\\ \\ Дзе мох сцелецца рабы,\\ Iшлі дзеці па грыбы, –\\ Асцярожная рука\\ Падняла Баравіка.\\ \\ Пайшлі ў кошык Казлякі,\\ Сыраежкі і Рыжкі...\\ I на ўвесь зялёны бор\\ Рагатаў наш Мухамор.\\ \\ Ён паказываў, крычаў,\\ Дзе схаваліся між траў\\ Падасінавік стары,\\ Дзве Ваўняначкі-сястры.\\ \\ Як пакінулі ўсе лес\\ У вячэрнай у імгле,\\ Шышкай галаву падпёр, –\\ Затужыў і Мухамор:\\ \\ Што не весела яму\\ Ў цёмным лесе аднаму,\\ Ў цёмным лесе, у бары,\\ Няма з кім пагаварыць.\\ \\ Нат смяюцца у паўдні\\ З Мухамора Авадні.\\ А зара як дагарыць,\\ Усё звоняць Камары\\ \\ Ад сасны і да сасны,\\ Што ёсць грыб – благі, дурны\\ Мухамор, эх Мухамор!..\\ Эх, сасновы цёмны бор!\\ \\ 1937 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]]