~~META: title = Максім Танк — Лемантар &keywords = юргіня, лямеш, чырок, разлог, еўня, гумнішча &abstract = Чытаць верш Максіма Танка "Лемантар" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Лемантар ====== Добры дзень, мой браце юны!\\ Я прынёс табе як дар\\ Ад Скарыны-бацькі кнігу –\\ Беларускі лемантар.\\ \\ Гэта – ключ ад скарбаў нашай\\ Мовы матчынай, з якой\\ Ты не станешся самотнай,\\ Безыменнай сіратой.\\ \\ Дык раскрый яго з любоўю –\\ Літар стройныя рады\\ Прачытай і паўтары іх,\\ І запомні назаўжды.\\ \\ А – Айчына. Арабіна.\\ Б – Бабёр. Буслянка. Брод.\\ В – Вавёрка. Верабейка.\\ Г – Гумнішча. Гарызонт.\\ Д – Дуброва. Дом. Дарога.\\ Е – Еўропа. Ездавы.\\ Ё – Ёўня. Ёршык. Ёлка.\\ Ж – Жніво. Жур. Журавы.\\ З – Зямля. Зіма. Завея.\\ І – Іголка. Іпадром.\\ К – Купала. Колас. Кніга.\\ Л – Лямеш. Лапата. Лом.\\ М – Мятліца. Медуніца.\\ Н – Настольнік. Нож. Навой.\\ О – Ордэн. Оптык. Ода.\\ П – Падлесак. Пень. Падвой.\\ Р – Рака. Разлог. Ракіта.\\ С – Сланечнік. Самалёт.\\ Т – Тапчан. Тачыла. Трактар.\\ У – Убор. Уток. Удод.\\ Ф – Флагшток. Фуганак. Флейта.\\ Х – Хлеб. Халадзец. Хадок.\\ Ц – Цвыркун. Цясляр. Цабэрак.\\ Ч – Чарот. Чырок. Чаўнок.\\ Ш – Шахцёр. Шпакоўня. Школа.\\ Э – Эстрада. Эшалон.\\ Ю – Юнак. Юргіня. Юрта.\\ Я – Апошні перазвон.\\ \\ І таму, хто вымаўляе\\ Гэту літару ў жыцці,\\ Трэба быць сумленным, смелым,\\ Супраць злыбяды ісці.\\ \\ Каб свабода і братэрства\\ Ззялі сполахам зары.\\ Вось якія скарбы, дружа,\\ Знойдзеш ты ў лемантары. \\ Гумнішча – месца, на якім стаяла гумно;\\ Ёўня – памяшканне для сушкі снапоў;\\ Жур – негусты аўсяны кісель;\\ Лямеш – ніжняя частка плуга;\\ Разлог – абшар, адкрытая прастора;\\ Чырок – невялікая качка;\\ Юргіня – вяргіня (кветка). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]]