~~META: title = Максім Танк — Конь і Леў &keywords = конь, воўк, гаспадар, каня, звяроў, агню, падкоў, кланяцца, буланы, глыбу, зямлю &abstract = Чытаць казку Максіма Танка "Конь і Леў" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Конь і Леў ====== Працаваў буланы Конь\\ У гаспадара,\\ З году ў год вазы вазіў\\ І зямлю араў.\\ А калі ён пастарэў\\ Ды нядужым стаў,\\ Гаспадар яго з двара\\ Праганяць пачаў.\\ Уздыхнуў і кажа Конь:\\ – Ці-ж, за шмат гадоў,\\ Я ў цябе не зарабіў\\ Чатырох падкоў? –\\ Гаспадар жалеза ўзяў,\\ Падкаваў Каня.\\ І пайшоў буланы ў даль\\ На сустрэчу дня.\\ Ён ідзе, мурог скубе,\\ Ліст духмяны з дрэў.\\ Раптам бачыць: перад ім\\ Сам магутны Леў.\\ – Што-ж не кланяешся мне? –\\ Грозна Леў спытаў.\\ – Ах, даруй мне, цар звяроў...\\ Конь так адказаў. –\\ Выгнаў гаспадар мяне\\ Ў гэты ранні час.\\ Я, галодны, скуб траву,\\ Не заўважыў вас.\\ – Усё роўна вінават\\ Ты перада мной.\\ Паглядзі, – гаворыць Леў, –\\ Што зраблю з табой. –\\ Глыбу з крушні ён схапіў\\ Ў кіпцюры свае\\ І так сціснуў, што вада\\ Пырснула з яе.\\ – Ну, вядома, ў камні ёсць\\ Ад дажджоў, снягоў\\ Шмат вады, што цярушаць\\ Хмары на яго.\\ Дзіва большае было-б, –\\ Кажа гэтак Конь, –\\ Каб з гранітнай глыбы мог\\ Высекчы агонь! –\\ Кажа Леў Каню:\\ – Што мне значыцца дастаць\\ Нейкага агню! –\\ Спрабаваў Леў высякаць\\ Іскры, ды дарма,\\ Толькі кіпцюры ступіў,\\ А агню – няма.\\ – Ну, цяпер твая чарга! –\\ Кажа цар звяроў...\\ Тут у глыбу ўдарыў Конь\\ З чатырох падкоў.\\ Пад аблокі іскраў сноп\\ З громам паляцеў.\\ Аж не знаў, як уцякаць,\\ З перапуду Леў.\\ Вось ляціць ён, ледзь жывы,\\ А настрэчу Воўк.\\ Той пачаў цару звяроў\\ Кланяцца здалёк.\\ – Перастань ты, – кажа Леў, –\\ Кланяцца да ног.\\ Я не цар, бо Конь мяне\\ Сёння перамог. –\\ Воўк не верыць: – Як, скажы,\\ Ты паддаўся, Леў,\\ Бо асілкаў гэткіх я,\\ Пэўна, з сотню з’еў.\\ Толькі мне ты пакажы\\ Гэтага Каня. –\\ Ад яго на’т і касцей\\ Не пакіну я.\\ – Не хваліся, – кажа Леў, –\\ І не смейся лепш:\\ Як убачыш ты Каня,\\ З страху сам памрэш.\\ Хочаш, я табе яго\\ Пакажу здалёк... –\\ І пайшлі глядзець яны –\\ Леў і шэры Воўк.\\ Толькі лес прайшлі, тут Леў\\ Кажа: – Бачу я\\ За пагоркам, на лугу,\\ Гэтага Каня.\\ Ты ніжэйшы ростам, Воўк,\\ Можа не відаць?\\ Дай спрабую я цябе\\ Ды вышэй падняць. –\\ І хоць асцярожна Леў\\ Друга ў лапы згроб,\\ Але зіркачы ў таго\\ Вылезлі на лоб.\\ – Што-ж ты дыхаць перастаў? –\\ Запытаўся Леў. –\\ Перш хваліўся, а цяпер\\ З страху анямеў!..\\ Тут Леў бразнуў аб зямлю\\ Шэрага Ваўка\\ І да логвішча свайго\\ Кінуўся ўцякаць.\\ Гэта бачыў Гаспадар.\\ Рад быў дужа ён,\\ Што ад ворагаў яго\\ Выратаваў Конь.\\ Ён буланага вярнуў\\ Зноў у стайню – ў дом\\ І ўвесь век яго карміў\\ Сенам ды аўсом. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]]