~~META: title = Максім Танк — Казка пра мядзведзя &keywords = мядзведзь, мядзведзя, лесе, дзеці, сваты, кудлаты, арэхі, мёду, цыган, месяц, цёмным, верасень &abstract = Чытаць вершаваную "Казку пра мядзведзя" Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Казка пра мядзведзя ====== Пад шэрую восень, пад верасень месяц,\\ задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе.\\ I кажа сватам: – Мне шукайце пасагу; зіму зімаваць – трэба мёду і брагі.\\ A у мяне ні каня, ні гароду;\\ падушка – і тая з альховай калоды.\\ За лета снапа мне нажаць не прышлося, –\\ то пчол даглядаў, то гнуў дугі, палоззе.\\ Няхай сабе будзе няважная жонка, –\\ каб толькі я выжыў зіму пад сасонкай... –\\ \\ Хадзілі сваты ад Мядзведзя па лесе –\\ ўсё дзеўкі шукалі праз верасень месяц.\\ Хадзілі яны ў Белавеж да Зубрышкі,\\ да Зайцавых дзевак, былі і ў Казлішкі.\\ Там ветліва важных гасцей прынімалі,\\ крынічнай вадой, мурагом частавалі;\\ стараліся ўсе ім у пояс хіліцца –\\ сваты былі важныя – Воўк ды Лісіца!\\ Калі што не так, дык патрапілі-б самі\\ пагладзіць, дзе трэба, памацаць зубамі...\\ Эх, важныя дзеўкі, былі-б гаспадыні,\\ каб мелі каўбасаў, курэй, саланіны.\\ Нашто і шукаць-бы што недзе другое, –\\ было-б для Мядзведзя жыццё залатое.\\ А то у Зайчышкі пасаг – руні жыта,\\ зімой – зледзянеўшая ў полі ракіта!\\ У Казлішкі зялёны дзядзеўнік ў імшарах,\\ падушкі з пуховак, асоту гушчары.\\ A у Зубрышкі па ўсёй Белавежы\\ не злічыш стагоў непачатых і свежых...\\ Ды што з іх сватам і Мядзведзю сівому, –\\ язык намазоліш, нагоніш аскому.\\ \\ Пачулі сваты – ёсць пад Нараччу дзеўка:\\ у лесе сасновым паджарая Белка,\\ такая вясёлая, з песнямі, з смехам,\\ збірае з ляшчэўніку толькі арэхі.\\ Насыпала поўныя куфры, як лёду,\\ раскусіш – як сонца, зярняты – як з мёду.\\ Сказалі Мядзведзю: – Ёсць дзеўка з пасагам!.. – Прыбраўся Кудлаты у боты, ў сярмягу;\\ кашулю уздзеў, што злупіў у Міколы,\\ як той бараніў ад яго калісь пчолы;\\ пояс ліповы і кій сукаваты, –\\ выбраўся з світай Мядзведзь наш у сваты...\\ \\ Такое вяселле магло толькі хіба\\ быць там, дзе ёсць Нарач, бор цёмны ды рыба.\\ Ігралі ў цымбалы шаршні і асвянкі,\\ ігралі дзень цэлы да самай заранкі;\\ а ў цёмным ягодніку з Цецерукамі\\ ў тахт Дзятлы у бубны лупілі насамі,\\ і з вёскі далёкай, дзе жытнія гоні,\\ Пятух памагаў на чырвонай гармоні.\\ «Лявоніху» ёмка скакала Лісіца, –\\ як ветрам, як жоўтым, шумела спадніца.\\ Аж вышаў Мядзведзь, топнуў левай ды правай,\\ пайшоў прысядаць – замігцелі рукавы.\\ Скакаць-бы ён мог так дзён пяць ці мо’ дзесяць –\\ адно толькі боты стапталіся ў лесе;\\ ды на’т і ў мяне там знасіліся лапці...\\ На трэцюю ноч пачалі раз’язджацца.\\ \\ Памалу прайшоў ціхі верасень месяц.\\ Ляжыць, пажывае Мядзведзь ў цёмным лесе,\\ дзе глуш, ды сасновае шумнае рэха,\\ а Белачка носіць ваду і арэхі.\\ Насыпле Мядзведзь іх у ступу, як лёду,\\ а зверху бабухне дубовай калодай!\\ Наесца і спіць у сваім у палацы, –\\ на’т слухаць не хоча, хто кажа аб працы.\\ Пражыў генералам нямала так часу,\\ пакуль нехапіла у Белкі прыпасаў.\\ Ляжыць і раве ён, ледзь бор не аглохне:\\ – Ой, мусіць, я хутка не выжыву, здохну! –\\ Лячыла Мядзведзя Варона-Шаптуха\\ і Дзяцел пастуківаў трубкай у вуха,\\ і банкі на пяты стаўляла Сарока,\\ кампрэсы яму прыкладала пад бокам...\\ Ды што ні рабілі – ўсё не памагала.\\ Шмат вылізаў лекаў – гусіны і сала...\\ Ды што тыя лекі, калі наш Кудлаты\\ з’еў двух дактароў з Белавежы лычатых...\\ Хадзіў тады блізка Цыган хітры недзе,\\ Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзведзя\\ і кажа: – Ты, бацю, не слухай нікога, Цыган табе зелля парадзіць другога.\\ Відаць, ты не можаш ні сесці, ні легчы,\\ не можаш, мой баценька, мала ты есці! –\\ Дзе ў лесе дарога а з боку паляна,\\ лячыў Цыган брагай-сівухай да рана;\\ яшчэ паіў зеллем салодкім, як мёдам,\\ спаіўшы, Мядзведзя прыкуў да калоды,\\ а после усыпаў бярозавай кашы,\\ павёў яго цешыць людзей па кірмашах.\\ Перш доўга Мядзведзь касурыўся ды охаў,\\ а после зрабіўся такім скамарохам!\\ Дзе толькі ні прыдзе пад хаты крывыя –\\ злятаюцца дзеці, дзяўчаты, старыя,\\ прыносяць салодкага мёду, арэхаў, –\\ а ён дявядзе аж да слёз і да смеху.\\ Смяюцца і дзеці, і куры, і коні,\\ як ён у шарахаўкі звонкія звоніць;\\ смяюцца асверы, і стрэхі, і хаты,\\ як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.\\ Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць,\\ што быў ён жанаты, што быў калісь хворым...\\ А Белачка там, дзе ёсць пушча густая,\\ ў сасновыя куфры арэхі збірае\\ і добра хавае, каб часам мядзведзі\\ іх не знайшлі і вясковыя дзеці,\\ і чорнымі зорка пільнуе вачыма,\\ і лускае іх у сцюдзёныя зімы.\\ \\ А там, за сасновым за лесам, за борам,\\ ах, золатам сінім іграюць азёры!\\ А глянеш навокал – такая краіна:\\ дзе ступіш – то рэха, то казка, быліна...\\ Ёсць праўда і сумных нямала, без ліку,\\ але мы іх лепей пакінем вялікім.\\ А вам, мае братцы, з вачыма, як золак,\\ аддам усе дзівы тых казак вясёлых. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]]