~~META: title = Максім Танк — Зіма на бацькаўшчыне &keywords = снег &abstract = Верш Максіма Танка "Зіма на бацькаўшчыне" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Зіма на бацькаўшчыне ====== Дзень цэлы плавалі вятры\\ Над восенню палёў бязмежных,\\ Пад вечар снегам завірыў\\ Спазніўшыся кудлаты снежань.\\ Ён ахінуў стагі лугоў,\\ Як верацёны, снежнай воўнай,\\ З-пад Налібок, з балот, лясоў\\ Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну.\\ Ён хвалі дрэмлючай раллі\\ Рвануў за вараныя грывы, –\\ І ажылі, і паплылі\\ На бор уздыбленыя нівы.\\ \\ Але навалу хмар цяжкіх\\ Стрымалі выгнуўшыся хвоі.\\ Адно па соснах залатых\\ Узнялося полымя сівое,\\ У змрочных лапках зацвіло,\\ З бяроз успыхнуўшага вецця\\ На сухастой, на буралом\\ Яго панёс аслепшы вецер.\\ Збудзіўся нетраў цёмны гул,\\ З лагоўяў воўчых і выкопаў\\ Папоўз па свежаму снягу,\\ Па выбітых руёю тропах.\\ \\ Зіма… Ад інею вішняк\\ Перахіліўся за парканы.\\ І не мінеш яго ніяк,\\ Кранеш – і цветам серабраным\\ Асыпе з галавы да ног.\\ На дзеннікі вароны стадам\\ Лятуць з прасёлачных дарог.\\ Іх цень плыве праз палісады,\\ Дзе ўсё, як вогнішча лістоў,\\ Замёў снег свежы, сшаранелы,\\ Дзе першых заяччых слядоў\\ Глухія петлі забялелі.\\ \\ Калі-ж, вячэрняю парой,\\ За вёску выйдзеш на прыволле,\\ Цябе сустрэнуць чарадой\\ Шляхоў знаёмыя таполі,\\ Пачуеш як трашчыць рака,\\ Скрыпяць асверы на марозе,\\ Як пад дугой маладзіка\\ Пяюць сялянскія палоззя.\\ І шляху зорнага aгнi\\ У кожнай у сняжынцы ззяюць\\ І ў сэрцы, што з далечыні\\ Па родным сумавала краю. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]]