творы:максім-танк:максім-танк-завушніцы
Гэта старая версія дакумента!
Максім Танк — Завушніцы
О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні!
Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.
Але і я – упарты.
І каб свайго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.
На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце –
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.
Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых
Ні ў час, калі смяецца,
Спявае або плача.
Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся, змярканнем, –
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.
1959
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-завушніцы.1755963800.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin