Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:максім-танк:максім-танк-жук-і-слімак

Гэта старая версія дакумента!


Максім Танк — Жук і слімак

Прыгожым летнім ранкам
на лузе за сялом
сустрэўся жук аднойчы
з рагатым слімаком.

– Здарова! – жук вітае. –
Куды, браток, ідзеш
і з ракавіны хатку
нашто з сабой нясеш?

Абцёр слімак пот з твару,
гаворыць так жуку:
– Нямала перажыць мне
прыйшлося на вяку.

То сцюжа, то марозы,
то навальніца, дождж.
То часам у дарозе
захопіць змрок і ноч, –

шукай тады начлегу
пад нейкім там кустом…
Гавораць яны гэтак
і раптам чуюць – гром.

Ударыў дождж краплісты.
I жук пабег шукаць
дзе ў засені цяністай
шырокага лістка.

Але на цэлым лузе
няма страхі нідзе,
і мокры, ледзь жывы ён
да слімака ідзе.

– Пусці, браток, пагрэцца,
змок дужа на лугу,
насіць за гэта хатку
табе дапамагу.

У ракавіне шчыльнай
вандроўнікі сядзяць.
I нават дождж краплісты
не зможа іх дастаць.

Але мінулі хмары,
і сонца ўстала зноў,
жук хату слімакову
пакінуў і пайшоў.

Забыўся пра нягоды
і не наўме жуку,
што абяцаў паднесці
ён хату слімаку.

Падобныя старонкі

  • максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка
  • максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка
  • максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян
  • максім-танк
  • максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка
творы/максім-танк/максім-танк-жук-і-слімак.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki