творы:максім-танк:максім-танк-восень
Гэта старая версія дакумента!
Максім Танк — Восень
Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.
Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.
Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.
І па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
І цалуючы кожны рабінавы гай.
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-восень.1755963800.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin