~~META: title = Максім Танк — Восень &keywords = восень, падпаліла, касцёр, зямлі, край &abstract = Верш "Восень" Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Максім Танк — Восень ====== Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.\\ Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.\\ Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі\\ Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.\\ \\ Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,\\ Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:\\ Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,\\ Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.\\ \\ Загарэліся гнёзды, і іскры пажару\\ Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.\\ Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,\\ Па лясах і палях, па курганах брусніц.\\ \\ І па сённяшні дзень восень жару не можа\\ Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,\\ Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы\\ І цалуючы кожны рабінавы гай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]]