Максім Танк — Ад дажджоў стары гасцінец...

Ад дажджоў стары гасцінец
Пашарэў і пацямнеў,
Толькі вецер ярка сініць
Веснавую зелень дрэў.

Сонца высака на небе,
Не дастанеш качаргой;
Залатога бору грэбень
Пахне шышкамі, смалой.

Я запеў, а рэха бору
У мяне над галавой
Разагнала мае зоры,
Залаты і звонкі рой.

Мо’ неасцярожна спудзіў?
Ну, вярніцеся назад, –
Весяліцца разам будзем,
Я ваш блізкі, родны брат.

I па шышках, і па тропах
З камарыным звонам зор
Месяц крыллямі залопаў,
Ападаючы за бор.

Прыляцелі дзівы-птушкі
I з лагоў лясных звяры,
Пад сасновыя частушкі
П’яны вецер завірыў…

З дзён тых поўных чараў казкі,
Пад напеў дарожных лоз,
Стаў я песняром сялянскім
Гэтых сцежак і бяроз.

1937

Падобныя старонкі