~~META: title = Давераснёўская творчасць Максіма Танка &keywords = Танк, творчасць &abstract = Аналіз давераснёўскай творчасці Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Давераснёўская творчасць Максіма Танка ====== Паэтычны талент [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]] выявіўся вельмі рана, у пачатку 30-х гадоў, калі ў друку з'явіліся яго першыя вершы. Танкаўскую паэзію жывілі тыя ж вытокі, што і вершы яго вялікіх папярэднікаў: [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]], [[постаці/адам-міцкевіч|Адама Міцкевіча]], [[творы/тарас-шаўчэнка/жыццё-і-творцасць-тараса-шаўчэнкі|Тараса Шаўчэнкі]] — ён ўзяўся за пяро, каб расказаць свету пра гаротную долю свайго народа. Разам з тым, плённа наследуючы класічныя традыцыі, малады паэт быў захоплены ідэяй наватарскага пошуку. Паэтыка Максіма Танка хоць і ўключае ў сябе, на першы погляд, знаёмую сімволіку (зара, пажар, новая сяўба, агонь і іншыя вобразы рэвалюцыі), але ўводзіць яе ў сферу складанага асацыятыўна-вобразнага мыслення. Выпрацоўка гэтай новай тэхнікі адбывалася праз канкрэтызацыю і зазямленне сімвалаў, што падказваліся самімі абставінамі жыцця, з якімі штодзень сутыкаўся малады паэт. Горкія ўражанні ад уласнага турэмнага зняволення, непрыдуманыя сюжэты людской нядолі ўвасабляліся ў драматычныя карціны танкаўскіх вершаў. Кранальны малюнак сустрэчы бацькі са зняволеным сынам, адлюстраваны ў вершы "[[творы/максім-танк/максім-танк-спатканне|Спатканне]]", Максім Танк стварае ў форме дыялогу. У пачатку гаворка ідзе пра хатнія навіны, бытавыя рэчы, але з кожным сказам усё большую моц набірае эмацыянальнае напружанне, выяўляецца боль родных людзей, якіх разлучылі абставіны: — Нічога, мы-то жыць жывём, —\\ Вось ты тут сохнеш за муром...\\ Я ў торбе сухароў прынёс, —\\ А вочы мокрыя ад слёз. \\ Турэмнае зняволенне за ідэю беларускай незалежнасці, якое выпала на долю самога Танка і многіх з яго сяброў і сучаснікаў, калечыла лёсы не толькі саміх палітвязняў, але і тых, хто быў з імі побач, — бацькоў, жонак, дзяцей. Рэфрэн "А вочы мокрыя ад слёз", які гучыць у вершы "Спатканне", якраз і выяўляе трагічнасць беларускай рэчаіснасці. Гэты твор, як і "Вянок", "Ткала я, ткала палотны", што сталі хрэстаматыйнымі, увайшоў у першы паэтычны зборнік Максіма Танка пад вымоўнай назвай "На этапах" (1936), бо пісаліся гэтыя вершы ў часы арыштаў, этапаў, судоў, за турэмнымі кратамі.\\ Ужо ў першай паэтычнай кнізе Максіма Танка выразна выявіўся гуманістычны пачатак яго паэзіі. Гэты гуманізм паглыбляўся ў наступных зборніках "Пад мачтай" (1937), "Журавінавы цвет" (1938). Глыбокі чалавечы змест у творах гэтага часу раскрываўся звычайна ў формах балюча выяўленага кантрасту, як, напрыклад, у вершы "Паслухайце, вясна ідзе". Гармонію радасці жыцця тут на кожным кроку абрывае суровая рэальнасць: Паслухайце, вясна ідзе.\\ Звініць ў маім акне жалеза.\\ З вінтоўкай стражнік ноч і дзень\\ Пільнуе куст пахучы бэзу. \\ Танкаўскі гуманізм у гэтым творы — ваяўнічы, бо выяўляючы прыгажосць прыроды, дадзеную чалавеку Богам, паэт падкрэслівае сацыяльны ўціск свайго народа, заклікае да змагання.\\ У мастацкім светаадчуванні Максіма Танка была выключная якасць, якая дапамагала яму вытрымліваць розныя жыццёвыя нягоды — гэта іронія, смех. Яшчэ ў давераснёўскі перыяд паэт пачаў практыкаваць ліра-сатырычныя вершы, у якіх здзекліва высмейваў ворагаў беларушчыны. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-ave-maria]]