~~META: title = Максім Лужанін — Мараўская песня &keywords = заіграйце, музыканты, цымбаліст, здаецца, барабан, запявала, цымбалы &abstract = Чытаць верш Максіма Лужаніна "Мараўская песня" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Лужанін — Мараўская песня ====== Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы,\\ Невялік аркестр, а выгляд сталы.\\ \\ Капялюх у кожнага ва ўзорах,\\ Звонкія падкоўкі на падборах,\\ \\ Паясы раменныя на стане,\\ Ручнікі вісяць паўзверх убрання.\\ \\ Трохі дзіўна: дзецюкі з вусамі,\\ А чамусь прыкрыты хвартухамі.\\ \\ Запявала скінуў шапку з кантам:\\ – Хлопцы, дайма чосу музыкантам! –\\ \\ Спевакі становяцца насупраць,\\ Дружбакам глядзяць у вочы рупна:\\ \\ «Ты чаму, цымбаліст, сакалочку шэранькі,\\ Выцінаеш, нібы не вячэраўшы?»\\ \\ Адказалі працяжна смыкі і цымбалы,\\ Што яды і пітва ім уволю хапала.\\ \\ «Дык чаго ж вы марудзіце, рук не вярэдзіце,\\ Заіграйце на доле седзячы!»\\ \\ Музыканты сядаюць і смутна іграюць,\\ А ў паветры лунае прыпеўка другая:\\ \\ «Гэй, не так, дарагія! Вы цягнеце кволенька,\\ Заіграйце, стаўшы на коленкі».\\ \\ На калені тады музыканты пасталі\\ I тужлівей, маркотней яшчэ заігралі.\\ \\ «Плакаць хочацца, слухаўшы вас, галубочкі,\\ Заіграйце нам лепей моўчкі!»\\ \\ Ні струны, ні смыка не кранаюцца рукі,\\ А, здаецца, спяваюць музыкавы рухі.\\ \\ Запявала адзін нездаволены толькі:\\ «Ці не час перайсці да мараўскае полькі?\\ \\ Каб усё загуло, дык вы, часу не трацячы,\\ Заіграйце, музыканты, скачучы».\\ \\ Цымбаліст і скрыпач прыпусціліся ў скокі,\\ Закружыўся між іх барабан меднабокі.\\ \\ Вось, здаецца, «Лявоніху» грукне Палессе...\\ I мяне падымае мараўская песня.\\ \\ 1955\\ \\ Крыніца: Лужанін М. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы / Прадм. А. Куляшова. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 318 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/песня]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады]] * [[слоўнік/вясельныя-песні]] * [[слоўнік/валачобныя-песні]] * [[слоўнік/восеньскія-песні]]