Максім Лужанін — Ліст малому сябру

На касе паміж азёр
Ціхі, цёплы, сонны бор,
А ў бары хаціна ёсць, –
Ты ў яе – жаданы госць.

Тут жывіцы свежы пах,
Тут спявае смелы шпак,
А сінічак тых, дзяўбух,
Не палічым мы і ўдвух.

Адсачыў я ў гушчары
Дзве лісіныя нары,
Калі пойдзе ўсё на лад,
Дык пабачым лісянят.

Хоць на трохі, хоць на чуць
Прыязджай ды не марудзь!

1969

Падобныя старонкі