~~META: title = Максім Лужанін — Запрашэнне на возера Нарач &keywords = мора, нарач, возера, хвалі, няхай, хадзіў &abstract = Чытаць верш Максіма Лужаніна "Запрашэнне на возера Нарач" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Лужанін — Запрашэнне на возера Нарач ====== Хто быў на Байдарах, хадзіў па Эльбрусе,\\ Рукой дакранаўся алтайскіх снягоў, –\\ Збярыцеся ў гэты куток Беларусі,\\ Я шлях вам паказваць заўсёды гатоў.\\ \\ Я бачыў не раз, як буруны ўставалі\\ I з мора спяшаліся ў порт караблі.\\ Мне месяц сцяжыну прасвечваў на хвалі,\\ I ў снежні сухумскія ружы цвілі.\\ \\ У гэтай красе б’ецца сэрца маё!\\ Таму вось і клічу сяброў і суседзяў:\\ Пагосцім у Мінску, на Нарач паедзем,\\ Усмак паблукаем і ўсмак папяём!\\ \\ Давайце агледзім наш добры прастор,\\ Бары на Палессі, наднёманскі поплаў,\\ У люстра зірнём палачанскіх азёр,\\ Паслухаем песні над пожняю цёплай.\\ \\ Няхай сабе тут не зрабілася гор\\ I высахла мора старое да кроплі,\\ Але калі громам расколе абшар,\\ Збяруцца цяжкія ліловыя хмары, –\\ Упоравень з морам тады, не на жарт,\\ Да зор ускалышацца возера Нарач.\\ \\ I вырвецца з бору паўсотні вятроў,\\ Забомкаюць сосны, лясныя званіцы,\\ І белая кнігаўка, як альбатрос,\\ На шпаркім крыле прынясе навальніцу.\\ \\ Памкнуцца ўзляцець ад зямлі ветракі,\\ Наўзавад жыта пабягуць ад нягоды,\\ Зажмурацца, глянуўшы з берага ў воды,\\ I рынуцца з круч стрымгалоў васількі.\\ \\ А пойдуць удаль грукатаць перуны,\\ Расправяцца ветразі, высахнуць снасці, –\\ Адзін за адным павяслуюць чаўны,\\ Закінуць у хвалі рыбацкае шчасце.\\ \\ Спакойна іх возера будзе гайдаць,\\ I стане такое яно, адшумеўшы,\\ Што іншаму здасца – і ў лыжцы вада\\ Наўрад ці бывае калі спакайнейшай.\\ \\ Празрыстае – можна каменне злічыць,\\ Блакітнае – неба у ім палавіна,\\ Багатае – рыба лускою блішчыць,\\ Магутнае – слава ад бацькі да сына.\\ \\ З касою ішлі на паноў бунтары,\\ Калі ж заявіўся нядаўні наш вораг, –\\ Пры беразе ўспыхнулі мсціўцаў кастры,\\ Шугнула свінцом партызанскае мора.\\ \\ А сёння тут важыцца мірны улоў.\\ Няхай бы і ўсюды! Не, – горка і крыўдна На жоўтыя твары заморскіх лаўцоў\\ Імглою апаў папялок рэактыўны.\\ \\ Нядоўга пакруціцца д’ябальскі чад!\\ Наш колас цяжэе, і горан іскруе.\\ Стаяць рыбакі з нарачанскіх брыгад,\\ Сваё працавітае мора вартуюць.\\ \\ Сябры мы намоцна, работы не зганіш,\\ Адстойвалі разам наўкола аблонь.\\ Ад’едуся часам – не чую расстання,\\ А возера ўсплясне і сцісне далонь.\\ \\ Адчуй гэта ўсё і ты скажаш, таварыш,\\ Святлейшага лёсу і ты б не хацеў, –\\ Хадзіў бы на тоні на возеры Нарач,\\ I золак страчаў, і душою мужнеў. \\ \\ Крыніца: Лужанін М. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы / Прадм. А. Куляшова. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 318 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/віталь-вольскі/віталь-вольскі-беларускае-мора]] * [[ibdc.ped>на-беразе-нарачы]] * [[ibdc.ped>ноччу-на-нарачы]] * [[ibdc.ped>нарачанская-легенда]] * [[ibdc.ped>пра-возера-нарач]]