~~META: title = Максім Гарэцкі — Чарнічка &keywords = чарнічка, Гарэцкі &abstract = Чытаць апавяданне "Чарнічка" Максіма Гарэцкага &iftrue = True ~~ ====== Максім Гарэцкі — Чарнічка ====== \\ Над пахмураю, мокраю зямлёю павісла шэра-цёмнае, нуднае восеньскае неба.\\ Пустая вуліца маўчыць. Людзі, калі ўдварэ, дык сядзяць па хатах. I коні ў пуні, бо ў полі зямля замерзла, і толькі сёння троху адтала і пакрылася ліпкаю гразёю. А ў лагчынах яшчэ бялеецца, па лагу і блізка лесу, рэдкі снегавы налёт.\\ Смутна гудзіць абголены гай на ўзгорку. У незахістанай ані сувалкаю, ані чым на зіму плятнёвай пуні рыкае карова.\\ Ля аднаго двара, прывязаны да банькі ў шуле, стаіць запрэжаны ў «бяду» ціхі і спакойны гняды конь. Спусціў ён галаву, звесіў вушы і не есць. Жмуток балотнага сена сіратліва рассыпаецца перад ім па ветру. На «бядзе», на пажоўклай сухой гарохвіне, нейкі мех, запэцканая, закачаная торба і рыжае, аржавае сена гнядому каню.\\ У невялічкае, з беднымі балонкамі вакенца часта пазірае з хаты на свайго коніка чарнявая маладзенькая манашка...\\ * * * Іх дзве. Паслалі іх з манастыра збіраць па вёсках восеньскую каляду.\\ У гэтай папрасілі яны абедаць. Разагрэліся.\\ Старэйшая, васпаватая, курносая, утупіла вочы ў стол і не ўзнімае іх з-пад чорнае наміткі. Слабенькая ружовая краска рэдзенька выступіла ў яе кропкамі і жылкамі на шчоках там, дзе ягадкі. Лыжку па лыжцы нясе яна паціху варыва і падстаўляе кусанік акуратна, каб не было капак на стале.\\ Маладзейшая – смялей, Расчырванелася за ядою, з-пад змятае, злінялае намітачкі выбілася чорная жменька валасоў. Вусны пухлы і чырвоны. Зняцейку яна сарамліва ўскіне часам чорныя бліскучыя вочы на маладога хлопца і зноў патупіцца.\\ У хаце старых няма, разышліся. Толькі хлопец на лаўцы ды залоўка яго на запечку корміць дзіця, не саромліва, а з правам маці, разгарнуўшы цьмяна-белыя грудзі.\\ «Як ён пільна ўзіраецца на мяне, мірскі чалавек! То ж на запечку, мусіць, не сястра яго, а жонка», – думаецца маладой манашцы.\\ А ён спакваля круціў цыгарку і пачаў агонь выкрасаць. I няможна было зразумець, ці смяяўся ён, смех хаваючы, ці думаў пра што сваё.\\ «Насмяхаецца... Аднак які ладны, дарма што мужык...» – падумала і ў вакно ізноў зірнула, ці стаіць конь.\\ Стаяў, як заснуў, гняды конь; пуста і хмарна было на вуліцы; вецер клычыў жмуток балотнага сена. I трэба было згадзіцца, што восень на дварэ, а нейкае невыразнае нездавальненне варушылася на сэрцы, і чагосьці сярод восеньскага смутку жадалася.\\ – Не бойся: па нашай вуліцы ўсё дабро цэла будзе... Чаго такая палахлівая? – сказаў ёй хлопец і, мусіць, сам не ведаў, ці добра пачаў.\\ – Каб часам конь не адвязаўся. Збяжыць, тады што нам? – сказала маладзенькая манашка.\\ А старэйшая непрыкметна таўханула яе пад сталом і змірэнна, як псальму чытаючы, прабубнела ў нос:\\ – Нам жа грэх вялікі перад Госпадам Богам будзе, калі ўвядзём каго ў спакусу дабром сваім, што падалі нам людзі добрыя на манастыр яго...\\ – Ну, каму ваша дабро патрэбна... Каб вас саміх хто не ўкраў, – пажартаваў ён і трошку пачырванеў, што, можа, сказаў ім лішняе.\\ Ніжэй схілілася старэйшая манашка, а маладзенькая ўсміхнулася нясмела і прыгожа.\\ – А я цябе... цябе, – кіўнуў ён на маладзейшую, – здаецца, бачыў, як манастыр ваш глядзець хадзіў... – Сказаў, адвёў ад яе вочы, зацягнуўся і выпусціў шмат дыму.\\ – Нічога, прыгожа там у вас... у вясну. Ліпы прыгожыя... Манашкі ёсць прыгожыя... – і зноў зацягнуўся і глядзеў убок, як быццам засаромеўся, што не смее сказаць, каб як далікатней.\\ – I я ўжо дзівілася, – адгукнулася з запечку маладуха-маці. – Колькі ж там у вас маладзенечкіх, прыгожых... Ча’йта ўжо так ідуць? Ці сіротак туды бяруць гадаваць змалку, ці то, кажуць, дзеля хлеба, дзеля спакою каторая ў манашкі ідзе?\\ – У нас не павінна быць такіх, – панура адказала старэйшая. – У нас маці-ігумення сурова жыціе блюдзець...\\ – Ах, праўда што: сурова, – вясёла засмяяўся хлопец. – Ехаў я неяк з гораду міма вашага поля, а чарнічкі пшаніцу палолі. З-пад узгорачка не відаць, ці едзе хто. Дык яны спярша песні і прыпеўкі пяялі, а потым як пачалі борыцца... хапаюць адна адну, качаюцца, рагочуць.\\ – Што ты, што ты, чалавеча! У нас за працаю псальмы пяюць, – усхапілася старэйшая і троху памаўчала. – А хлапцам усё так. Яны й Богу маліцца прыйдуць – граху нанясуць. У царкве не моляцца, а, а...\\ – А на прыгожанькіх чарнічак заглядаюцца, гэта праўда, – засмяялася і маладуха і ласкава, з пяшчотаю паглядзела на сваё ўжо накормленае дзіцятка.\\ Пачырванела, як мак добры, маладзенькая. Змоўкла старэйшая. Паабедалі і доўга хрысціліся і кланяліся перад абразамі, потым дзякавалі і ківалі галавою маладусе і з нейкаю перашкодаю яму.\\ У маладой, пад тою сціпласцю і нуднаю набожнасцю, усё штосьці мітусілася і іграла...\\ * * * Пусты восенны шлях. Поле бязлюднае. Зелянее рунь. Едкі вецер налятае з-пад голага, як быццам рэдкага цяпер, лесу.\\ Марудна і спакойна цягне гняды конь «бяду» на калюгах глыбокіх. Як машынная цацка, з боку на бок ківаецца чарніца на «бядзе», калі то тое, то тое кола па чарзе то праваліцца ў калюгу, то выскачыць на груду.\\ Чырванее край неба – мароз дакляруе. Чыйсьці лён, на лагу пасцелены, уліп у дол – час паднімаць яго, сушыць, церці, бавячы дні ў доўгія піліпаўкі.\\ Далёка яшчэ [[ibdc.ped>каляды|Каляды]]. Як нудна!\\ Маўчыць на возе старэйшая чарніца, з чырвоным кірпатым носам; ківаецца і глыбей хавае рукі ў шырокія рукавы. Мусіць, задумалася пра жыццё свае і што скажа ігуменні пра дарогу. Шчупянецца і пачынае варушыць вуснамі, механічна і завучана шэпчучы словы малітвы.\\ А маладзейшая лёгка ідзе побач тых калюг па змёрзлай, калянай мураўцы. Прыціхла, быццам засмуцілася.\\ Аб чым яна думае?\\ Часам апошяя бліскавічка радаснай усмешкай прабяжыць па пухлых вуснах і зноў, яшчэ глыбей, захаваецца пад наўмыснай стродкасцю...\\ Аб чым яна думае?\\ Мусіць, думае: «Больш мяне па каляду не пашлюць...» ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-літоўскі-хутарок-гдз]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-роднае-карэнне-гдз]] * [[творы/максім-гарэцкі/апавяданні-максіма-гарэцкага-ранняга-пер]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-роднае-карэнне]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-рускі]]