~~META: title = Максім Гарэцкі — Апостал &keywords = Жабін, хурман, камуніст, Курапа &abstract = Чытаць апавяданне "Апостал" Максіма Гарэцкага &iftrue = True ~~ ====== Максім Гарэцкі — Апостал ====== Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі... Гарачы камуніст, а даўнейшы прыхільнік беларускага руху таварыш Курапа (партыйная клічка Жабін) з агідаю пакінуў клумнае, пыльнае і галоднае места і паехаў усведамляць вёску.\\ Ён заўсёды казаў на мітынгах і на розных зборках, што не вёска вінавата, а той, хто мала рупіцца аб яе ўсведамленні.\\ — Дык трэба, таварышы, ехаць на вёску!\\ Курапа добра ўмеў па-беларуску, вось жа, як толькі Чырвоная Армія дала магчымасць ізноў раз абвесціць незалежную Савецкую Беларусь, ён зараз апынуўся інструктарам аддзела так званага «ўпраўленія» і дастаў камандзіроўку на правінцыю.\\ Набраўшы чырвонае літаратуры на ўсіх краёвых мовах, апрача беларускае, бо літаратура ў гэтай мове яшчэ лічылася да той пары контррэвалюцыйнай выдумкай беларускіх нацыяналістаў, разлёгшыся на пахучым, але запыленым сене з дзікай сенажаткі беднага гаспадара, ехаў ён на парцы стайковых коней па Ашмянскім тракце і любаваўся на прыгожую, ціхую, задуманую прыроду беларускага лета.\\ Каб развеяць думкі, камуніст звярнуў увагу на свайго вазніцу.\\ Той маўкліва кіраваў коньмі і часам неяк дзіўна чмыхаў, як бы нездаволены, але не аглядаўся на свайго простага пана.\\ «Якая, аднак, чыста буржуазная чырта ў спосабе рассаджвання фурмана і падарожнага,— падумаў з знаёмым асадкам ёлкасці таварыш Жабін. — Ён, як быццам якое ніжэйшае стварэнне, сядзіць спераду, а я, камуніст, быццам які пан, сяджу адзаду...»\\ — Давайце, таварыш, сядзем побач! — крыкнуў ён фурману, але той сярод грукату калёс не пачуў і толькі лішні раз, як здалося камуністу, дзіўна, па-свойму чмыхнуў.\\ Тады Курапа ізноў аддаўся развагам. Спачатку ён троху ўсцешыўся, што ў яго голаў прыйшла такая важная ідэя — садзіцца на фурмапцы побач з фурманам. Але радасць была нядоўгая. «Гэта ж я мог сесці побач яшчэ ў месце, адразу»,— сцяміў ён.\\ Нудна.\\ Ужо месяц, як Курапа кінуў курыць дзеля страшэннай дарагоўлі на табаку і дагэтуль даволі стойка цярпеў і не паддаваўся спакусе, добра знаёмай толькі адным курцам. Аж тут, сярод бязлюднага, ціхога, задуманага поля, на вялікай пыльнай дарозе, папіроса і дымок ад яе стаялі ўваччу як здань незвычайнай прыемнасці.\\ — Таварыш, вы курыце? — троху мацней крыкнуў Жабін, каб на гэты раз хурман пачуў яго. Потым паправіўся і паўтарыў цішэй: — Вы, таварыш, паліце?\\ Селянін не пачуў і на гэты раз. Ён узноў па-свойму чмыхнуў, але назад не павярнуўся.\\ — Як вашая фамілія? — яшчэ мацней запытаўся ў яго камуніст і, узняўшыся на руцэ, другою крануў яго за плячо ў шэрай густа запыленай світцы.\\ — Я адзінокі, — адгукнуўся ўрэшце хурман і збоку паказаў сваю даўна няголеную сівую шчаціну і падрэзаны, сіва-жоўты пад носам вус.\\ — А як прозвішча?\\ Хурман памаўчаў, быццам муліўся: казаць ці не, але ізноў павярнуў трохі галаву і пад сціхаючы грукат воза адказаў:\\ — Я пішуся без прозвішча, па бацьку... Янучонак. А людзі празываюцца: Шашок.\\ — Каталік ці праваслаўны?\\ — Мы польскія.\\ I ўзноў чмыхнуў.\\ Заглядаючы на хурмановыя вусы, Курапа ўпэўніўся, што той займаецца курэннем. Дык падзівіў, чаму так доўга ён не курыць, але папрасіць табакі саромеўся і хаця з вялікаю натугаю, а змоўчыў.\\ — А як пана назвіска?\\ Крыху падумаўшы таксама, камуніст каротка й без асаблівае прыемнасці назваўся:\\ — Жабін... інструктар.\\ Хурман добра пачуў і весялейшы адгукнуўся:\\ — Струкар — то, пэўне, імя рускае, бо ў нас гэткіх няма. А пан Жабінскі быў у нас...\\ Курапа счырванеў.\\ — Далоў паноў! Іх трэба біць, як сабак. Правільна, таварыш? — крыкнуў ён над самым вухам хурману і з палёгкаю падумаў: «Ланцуг пррыкррасці тррэба рра-здзі-рраць адрразу».\\ — Правільна, — пакорна згодзіўся хурман.\\ На гэты раз Курапа не ўцерпіў, дастаў з кішэні кавалак змятай паперкі з газеціны, нацёр з лісткоў сена дроныай цяртухі і стаў круціць цыгарку.\\ Коні неўспадзеўкі смарганулі, і ўсё рассыпалася.\\ Селянін быццам духам чуў, што той робіць. Аглянуўся, нявідна ўсміхнуўся над нос сабе і палез у кішэню, перастаўшы кіраваць коньмі.\\ — Я дам пану закурыць.\\ — Будзьце ласкавы, таварыш! Хоць дарма вы зневажаеце мяне панам. Я такі ж самы пралетарый, як і вы. I наагул слова «пан» цяпер зусім непатрэбнае.\\ — Выбачайце: вядома, як мы цёмныя...\\ Адзін конь меў патрэбу стаць і на нейкі час стануў, і яны круцілі кручонкі з фурмановага кісета. Селянін маўчаў і перастаў чмыхаць.\\ Калі ж коні рушылі, а яны з салодкасцю задымілі, селянін падсеў бліжэй да падарожніка, павярнуўся бокам і, не гледзячы на яго, без асаблівае на від увагі загаманіў сам:\\ — Нам бы, таварыш, ксяндза скуль параілі. Ксяндзы з палякамі паўцякалі. Людзі родзяцца, уміраюць, а мы не ведаем, што з імі рабіць.\\ «Вось яна, справядлівасць маіх думак і паглядаў на вёску. Места арганізуецца. Людзі таўпесяцца па розных новаспечаных установах. Робяць «работу» — пустую, непрадуктыўную... Пагнаў бы ўсіх іх, чарцей, на вёску, усведамляць яе, рэвалюцыянізаваць...»\\ Так разважаў Курапа, мяркуючы: ці дужа войстра, ці мякчэй троху сказаць пра ксяндзоў.\\ — Цяпер можна і без ксяндзоў, таварыш.\\ Той злёгку і з невыразным змыслам усміхнуўся, адвярнуўся болей да коні, чмыхнуў на іх. Калі пабеглі трухам, ён, дакурываючы, сказаў:\\ — Без іх няма як... вядома, людзі родзяцца, уміраюць, што з імі рабіць?\\ Камуніст з жаласцю і пагардаю паглядзеў на пахіленае тулава гаспадара і нічога яму не запярэчыў.\\ Уз’ехаўшы на ўзгорак, увідзелі ў лагчыне хаты й хлявы сярод зеляніны дрэў. Селянін уздыхнуў, а Курапа абдумываў, што зараз будзе казаць сабраным людзям.\\ Вёска не праяўляла ніякіх знакаў жыцця. Яна, яе драўляныя, нізкія, пад саламянымі стрэхамі будынкі, таксама, як і поле, былі ціха-задуманыя ці нават бяздумныя, маўклівыя, шэрыя.\\ Пуста й бязлюдна было на вуліцы. Вось нехта вытыркнуўся з-за рога пуні на грукат хурманкі і ўзбіуся вачыма на яго, чужога, у чорным, мястовага. Боўць! — адным махам знік за пуняй і прапаў там бясследна.\\ Супроць адной з лепшых на пагляд хатаў хурманка па загаду Жабіна станула. Камуніст выскачыў і хадзіў ля плоту, каб размяць замлелае цела і лепей разгледзець, што дзеецца ў канцах вуліцы, ці збіраюцца людзі. Хурман, зачапіўшы повад за кол у тым жа плоце, пайшоў на двор — аправіцца і папрасіць вядро. Як толькі ён зачыніў за сабою фортку, з хлева высунуўся дзед і маніў яго да сябе рукою.\\ — Шашок! Шашок! — шаптаў дзед.— Ідзі сюды, каб на цябе трасца, якога там чорта камуністага прывёз?\\ — Hex бэндзе пахвалёны... — падаў дзеду руку невясёлы Шашок.\\ — На векі векаў, — адказаў дзед і той час прыстаў ізноў з дапытамі: — Ну, ну?\\ Шашок, схаваўшыся ў пуню, пераказаў усё, што ведаў.\\ — Якісь камітэт хоча рабіць, — скончыў ён.\\ — А каб іх паляруш з камітэтамі, — вохаў дзед, — зраквізавалі й майго каня з мальцам у работу. Два тыдні ганяюць, а тут жніво, касавіца. Палякі заганялі...\\ — Папросту гаворыць, — усміхнуўся Шашок.\\ — Каб не пазналі, падлу, — злаяўся дзед.\\ Калі хурман выйшаў на вуліцу з вядром, Жабін нездаволена кінуў скрозь зубы:\\ — Дзе вы столькі прападалі?\\ — Шукаў, шукаў, няма нікога, усі ў полі.\\ Як коні былі напоены, Жабін неўспадзеўкі для хурмана скамандаваў: «Вязі на поле!»\\ Толькі яны завярнулі за гумно, нейкі верхавы на злом карку кінуўся з-за стога саломы к лесу. Камуніст інстынктыўна схапіўся за похву рэвальвера.\\ — Хаваюць коні ад «учоту» ў лес, а я вазі ды вазі, — бурчэў невясёлы Шашок.\\ — Вязі на дарогу, я ім пакажу! — крыкнуў раззлаваны Жабін, і фурманка завярнулася назад.\\ Нечыя вочы глядзелі скрозь шчэлку ў гумне, як яна запыліла на дарозе. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-роднае-карэнне-гдз]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-рускі]] * [[творы/максім-гарэцкі/апавяданні-максіма-гарэцкага-ранняга-пер]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-роднае-карэнне]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-літоўскі-хутарок-гдз]]