~~META: title = Патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча &keywords = Максім, Багдановіч, Радзіма, народ &abstract = Аналіз патрыятычнай лірыкі Максіма Багдановіча &iftrue = nan ~~ ====== Патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча ====== //Беларусь, твой народ дачакаецца// //Залацістага, яснага дня.// //М. Багдан//овіч Самым гарачым, самым трапяткім, самым святым пачуццём [[постаці/максім-багдановіч|Максіма Багдановіча]] была любоў да Радзімы, да маці-Беларусі. Яна зрабіла яго паэтам, яна дала сэнс яго самаахвярнаму жыццю, яна пакінула яго ў памяці нашчадкаў. Шчымлівым болем за «краіну-браначку», за яе «цёмны, сляпы» народ прасякнута ўся патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча. Матывамі яго лірыкі была не толькі бязмежная любоў да Радзімы, але і ўсведамленне сацыяльнай несправядлівасці, няволі і нясілы, што вынішчае найперш «дух народны», не дазваляе гэтаму самабытнаму краю расквітнець, а яго таленавітаму народу быць гаспадаром на сваёй зямлі: Народ, Беларускі Народ! Ты цёмны, сляпы, быццам крот. Тобою ўсягды пагарджалі, Цябе не пушчалі з ярма і душу тваю абакралі: У ёй нават мовы няма! У 1911 г. у час першай паездкі на радзіму Максім Багдановіч наведаў у Вільні беларускі музей, пазнаёміўся з рукапісамі старажытных кніг, з узорамі старадаўняга мастацкага ткацтва беларусаў. Ён быў ашаломлены багаццем «святой зямлі», таленавітасцю люду, «каторы моцнымі рукамі стварыў усе багацтвы на зямлі», а «сам даўно сляпы ад слёз і ўжо забыўся абратунак». Бунтоўнае непрыняцце такіх абставін, захапленне духоўнай спадчынай Беларусі знайшло мастацкае ўвасабленне ў цыкле вершаў «Старая Беларусь». Найбольшага ўздзеяння на сэрцы людзей ён дасягнуў вершам «[[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-слуцкія-ткачыхі|Слуцкія ткачыхі]]», у якім дзівосным чынам спалучыліся элегічны светлы смутак, захапленне сапраўднай красой і роднага краю, і яго таленавітых людзей, і надзея на лепшую долю тых, хто варты людскага і гожага: А за сцяной смяецца поле, Зіяе неба з-за акна, і думкі мкнуцца мімаволі Туды, дзе расцвіла вясна... Любоў да Радзімы была самым святым пачуццём, што вызначыла лёс паэта, яго адданае служэнне Бацькаўшчыне. Гэтае ж пачуццё найбольш прываблівала яго ў іншых людзях. Іх высакароднасць, іх настальгічныя пачуцці ўслаўлены паэтам у вершах «Эмігранцкая песня» і «Як Базыль у паходзе канаў...». Трывожным сэрцам, у якім пануе «за краіну радзімую жах», напісаны неўміручыя радкі «[[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-пагоня|Пагоні]]». Створаны паэтам вобраз «старадаўняй Літоўскай Пагоні» прымушае чытача задумацца, перагледзець свае каштоўнасці, усвядоміць усю марнасць марнасцяў і нікчэмнасць прагматычных памкненняў. Разам з лірычным героем верша і чытач таксама успомніць «Вострую Браму святую», былую славу нашай Бацькаўшчыны. Падзяляючы з паэтам яго высакародны гнеў і пагарду да тых, што забылі Бацькаўшчыну, «адракліся, прадалі і аддалі ў палон», найперш перагледзім здабыткі і каштоўнасці ва ўласных душах... І нам, як лірычнаму герою верша «Пагоня», ёсць за што сказаць сваёй Радзіме: «Ты прабач...» Але яна чакае ад нас найперш добрых спраў. Трывога і «за краіну радзімую жах» ніколі не вынішчалі ў паэтавым сэрцы веру і надзею на яе лепшую долю і будучыню. Паэзія Багдановіча самотная, элегічная і адначасна аптымістычная і жыццесцвярджальная: Беларусь, твой народ дачакаецца Залацістага, яснага дня. Паглядзі, як усход разгараецца, Сколькі ў хмарках залётных агня... Адным з крытэрыяў мастацкай вартасці любога твора з'яўляецца [[слоўнік/асацыятыўнасць|асацыятыўнасць]]. Паэзія Максіма Багдановіча ў поўнай меры адпавядае і гэтаму крытэрыю. Дасканалым у мастацкіх адносінах творам з'яўляецца [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-санет-паміж-пяскоў-егі|санет «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»]], філасофія якога выяўляецца менавіта праз асацыятыўныя сувязі і мастацкі [[слоўнік/паралелізм|паралелізм]] з ярка выяўленай [[слоўнік/антытэза|антытэзай]] жыцця і смерці. У першай апавядальнай частцы, што складаецца з васьмі радкоў, — апісанне падзеі, якая ўразіла сваёй неверагоднасцю. У тысячагадовай магіле знойдзены засохлыя зернейкі, жыццёвая сіла якіх «збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясенняй збожжа на раллі». Філасофская думка заключана ў другой частцы санета (двух [[слоўнік/трохрадкоўе-тэрцэт|тэрцэтах-трохрадкоўях]]): Вось сімвал твой, забыты краю родны! Зварушаны нарэшце дух народны, Я верую, бясплодна не засне, A ўперад рынецца, маўляў, крыніца, Которая магутна, гучна мкне, Здалеўшы з глебы на простор прабіцца. Так праз асацыятыўныя сувязі розных жыццёвых з'яў (зярнят засохлых, здольных праз тысячу гадоў прарасці «парой вясенняй», і абуджаных духоўных сіл народа) паэт сцвярджае аптымістычную ідэю вечнасці жыцця народа, веру ў абуджэнне яго духу і нацыянальнае адраджэнне. Пра асабістую трагедыю, трагедыю чалавека, што ўсяго сябе без астатку аддаў Радзіме, а вымушаны быў увесь час жыць далёка ад яе, пра свае душэўныя пакуты і гаючую сілу прошчы, якой і была для яго Радзіма, паэт сказаў пранізліва і аптымістычна: Поломаны жыццём, чакаючы магілы, Радзімая зямля, прынікнуў я к табе, І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы, Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы, І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе. Не жальба, не адчай, а вера ў сваю Радзіму, духоўнасць народа, яго адраджэнне была вызначальнай у паэзіі Максіма Багадановіча. Цэльнасць і «аб шыраце духоўнай» дбанне пакінута паэтам як запавет: [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-жывеш-не-вечна-чалавек|Жывеш не вечна, чалавек]], Перажыві ж у момант век. Так жыў сам паэт. Спраўдзілася яго надзея на тое, што ў яго вершах, народжаных, як ён сам пра тое пісаў, «калі грудзі падымала хваля пачуцця», чытачы знайшлі сугучнае сваім думам і пачуццям. Многія яго радкі сталі крылатымі: «Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай», «Усёзнікае, праходзіць як дым, светлы ж след будзе вечна жывым». Кім быў, ёсць і будзе Максім Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзімір Караткевіч]] у вершы «Багдановічу»: Бо як ёсць у народа такія — Не загіне давеку народ. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/грамадзянская-лірыка]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[слоўнік/інтымная-лірыка]] * [[слоўнік/лірыка]] * [[творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-лірыка]]