~~META: title = Максім Багдановіч — Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог... &keywords = зоркі, ціхі, вецер, знічка, прыродай, дрыжаць, агністаю, бледны, прыроды &abstract = Чытаць верш Максіма Багдановіча "Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог..." Адказы на пытанні да верша &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог... ====== Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,\\ Улажылі спаць мяне вы на зямлі.\\ Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,\\ Ў небе месяца праглянуў бледны рог,\\ Ў небе ціха зоркі расцвілі.\\ \\ Знічка коціцца агністаю слязой,\\ Прашумела мякка скрыдламі сава;\\ Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,\\ Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,\\ Чую ў цішы, як расце трава.\\ **Адказы на пытанні:**\\ \\ 1. Наступныя радкі найярчэй перадаюць злітнасць чалавека з прыродай:\\ \\ Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,\\ Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,\\ Чую ў цішы, як расце трава.\\ \\ Лірычны герой прылёг вечарам адпачыць у свежым стозе і адчуў моцнае яднанне з навакольным светам, адчуў самыя патаемныя рухі прыроды. Ён адчувае гармонію прыроды і злітнасць з ёю.\\ 2. Калі ўначы бачыш, як падае знічка з неба, за ёю цягнецца невялікі залацісты шлейф, таму можа ўзнікаць асацыяцыя знічкі з агністаю слязой.\\ 3. Паўтарэнне зычных гукаў "ц – ц – ц – с – с" перадае нам гукі надыходзячага вечара – ціхі вецер, цырканне цыкад, мяккі шум травы і дрэў, прырода сцішваецца, засынае.\\ У наступнай страфе ідзе працяг павольнага сцішвання прыроды: "З-ч-ц-с-с", "ш-с-с", "ч-з-ш" і г.д.\\ 4. Мелодыя верша ствараецца наступнымі мастацкімі сродкамі:\\ Аўтар выкарыстоўвае яркія [[слоўнік/эпітэт|эпітэты]]: ціхі вецер, светлы пыл, бледны рог, агністая сляза.\\ [[слоўнік/метафара|Метафары]]: месяца праглянуў бледны рог, знічка коціцца агністаю слязою, ціха зоркі расцвілі, дрыжаць зоркі.\\ Танальнасць верша задуменная, сцішаная, спакойная. Такі ж і [[слоўнік/рытм|рытм]]. Верш напісаны [[слоўнік/харэй|харэем]], які надае гучанню спеўнасць, задумлівасць, мілагучнасць, павольнасць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар]] * [[творы/аляксей-дудараў/аляксей-дудараў-вечар]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-вечар-на-захадзе-ў-поп]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-ціхі-вечар]] * [[творы/янка-журба/янка-журба-у-зімовы-вечар]]