~~META: title = Максім Багдановіч — Страцім-лебедзь &keywords = Багдановіч, страцім, лебедзь &abstract = Чытаць верш "Страцім-лебедзь" Максіма Багдановіча &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Страцім-лебедзь ====== Не анёл у трубу уструбіў —\\ З хмары бог старому Ною гаварыў:\\ «Поўна з краем чаша гневу майго\\ На людскія грахі ды бясчыннасці.\\ Вось надойдзе часіна суворая,\\ Лінуць з неба залівы бязмерныя\\ I абмыюць ад бруду смуроднага\\ Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет».\\ \\ Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг\\ З таго дзерава ліванскага.\\ Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,\\ A ўдаўжкі — болей тысячы.\\ Ды узяў туды Ной і птах і звяроў,\\ Каб не звёўся іх род з зямлі.\\ Ды не плыў к яму з мора сіняга\\ Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.\\ Яго звычаі — арліныя,\\ Яго ўцехі — сакаліныя;\\ Пер'і-пер'ечкі бялеюцца\\ Ды на золку агнявеюцца.\\ У яго ў крыле — трыста тры пяра:\\ Узмахне крылом — быццам бор шуміць,\\ Узмахне другім — што мяцель гудзіць.\\ Як учнуць дажджы,— пацякла вада,\\ Разлілася горш ад павадка.\\ Затапіла ўсе лугі-лагі,\\ Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;\\ Уздымаецца вышэй ад гор.\\ Птахі ў небе стаяй лётаюць,\\ Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,\\ Выглядаюць стуль прытулачку.\\ A па ўсёй зямлі толькі хвалі б'юць,\\ Толькі хвалі б'юць белай пенаю.\\ Ды па іх дужы, смелы плавае\\ Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.\\ Узмахне крылом — быццам бор шуміць,\\ Узмахне другім — як мяцель гудзіць.\\ I населі тут на лебедзя\\ Птахі дробныя ўсёй стаяю.\\ Лебедзь з сілы выбіваецца,\\ Птушкі ажна усцяшаюцца.\\ Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,\\ На чацвёрты стаў прасіць-маліць:\\ «Вы ўзляціце хоць на час які,\\ Выбіваюся з астатніх сіл.\\ Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!\\ Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»\\ Не паслухалі птахі лебедзя.\\ Пацямнела у яго ў вачах,\\ Крыллі ўрэшце надламаліся,\\ Галава ў ваду апусцілася.\\ І пайшоў на дно мора сіняга\\ Страцім-лебедзь — моцны, горды птах.\\ \\ Ад усіх цяпер патомкі ёсць,\\ Ды няма адных — Страцімавых. 1. У аснову [[слоўнік/канфлікт|канфлікта]] твора пастаўлены вобраз самаахвярнага птаха, які адмовіўся ад выратавання ў Ноевым каўчэгу, уступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу і, хоць сам гінуў, даваў жыццё іншым птахам.\\ 2. Зварот аўтара да біблейскага міфа быў выкліканы вайной, пагібеллю мільёнаў і яго ўласным лёсам.\\ 3. [[слоўнік/інверсія|Інверсія]] (іншасказанне) і [[слоўнік/гіпербала|гіпербала]] (перабольшанне) дапамагаюць аўтару стварыць вобраз гордага лебядзя, паказаць сілу яго душы. Народная легенда асуджала птаха, а Максім Багдановіч надзяліў яго здольнасцю ратаваць іншых птушак, ахвяраваць сваім жыццём дзеля іншых. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-лебедзь]] * [[ibdc.ped>лебедзі]] * [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[ibdc.ped>ля-жывой-крыніцы]]