~~META: title = Максім Багдановіч — Слуцкія ткачыхі &keywords = роднай, край, поле, мастацтва, неба, думкі, смяецца, ззяюць, верш, роднага, паясы, вясна, хвалі, слуцкія, васількі &abstract = Чытаць верш Максіма Багдановіча "Слуцкія ткачыхі". Адказы на пытанні да верша &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Слуцкія ткачыхі ====== Ад родных ніў, ад роднай хаты\\ У панскі двор дзеля красы\\ Яны, бяздольныя, узяты\\ Ткаць залатыя паясы.\\ І цягам доўгія часіны,\\ Дзявочыя забыўшы сны,\\ Свае шырокія тканіны\\ На лад персідскі ткуць яны.\\ А за сцяной смяецца поле,\\ Зіяе неба з-за акна, –\\ І думкі мкнуцца мімаволі\\ Туды, дзе расцвіла вясна;\\ Дзе блішча збожжа ў яснай далі,\\ Сінеюць міла васількі,\\ Халодным срэбрам ззяюць хвалі\\ Між гор ліючайся ракі;\\ Цямнее край зубчаты бора...\\ І тчэ, забыўшыся, рука,\\ Заміж персідскага узора,\\ Цвяток радзімы васілька. \\ \\ **Адказы на пытанні:**\\ \\ 1. У арнаменце заўважаюцца беларуская ралля, палявыя кветкі, золата каласоў, сінь васількоў. У слуцкіх паясах пераважаюць залаты, чорны, чырвоны, сіні колеры.\\ \\ 2. Верш [[постаці/максім-багдановіч|Максіма Багдановіча]] "Слуцкія ткачыхі" расказвае пра далёкае XVIII стагоддзе, калі на Беларусі ў майстэрнях-"персіярнях" вырабляліся слуцкія паясы, якія сталі шырока вядомымі ў свеце. Паэта хвалюе тэма нацыянальнай адметнасці беларускага мастацтва, яркасць і прыгажосць якога прынесла яму сусветную славу і да нашых часоў высока цэніцца.\\ \\ 3. Верш як бы дзеліцца на дзве паловы: у першай пераважае сум, туга, а ў другой палове сцвярджаецца перамога роднага жывога мастацтва над мёртвым персідскім.\\ \\ 4. З вакна адкрываецца шырокае яркае поле пад крыштальна-сінім небам, адчуваецца прастора родных ніў, квітнее вясна ружова-белым квеценем, залатая збажына. Сінія вочы васількоў, срэбра рэк, а ўдалечыні цямнее лес. У гэтым малюнку столькі хараства і прывабнасці, бо жанчыны любяць свой край, разумеюць і адчуваюць родную прыроду, ім нямілы прыгнёт і чужына.\\ \\ Эпітэты: бяздольныя, залатыя паясы, край зубчаты бора, дзявочыя сны, доўгія часіны, шырокія тканіны, ясная даль, халоднае срэбра.\\ Метафары: смяецца поле, зіяе неба з-за акна, думкі мкнуцца туды, дзе расцвіла вясна; блішча збожжа, сінеюць васількі, ззяюць хвалі.\\ Параўнанні: халодным срэбрам ззяюць хвалі.\\ \\ 5. З першых слоў у творы сутыкаецца роднае, сваё, з чужым, панскім: \\ Ад родных ніў, ад роднай хаты\\ У панскі двор дзеля красы... \\ Чуеш жывы боль развітання ў гэтым звароце яшчэ і яшчэ раз да слова "родны", што бязлітасна змяняецца на "панскі"... Размежаванне "роднага" і "чужога" арганізуе ўсю будову, рытмічную аснову твора. А наступныя радкі адкрыта пачынаюць выказваць варожасць паміж "панскім дваром" і "роднай хатай": Яны, бяздольныя, узяты\\ Ткаць залатыя паясы. \\ Тут ужо гучыць думка пра прымус, тым больш што слова "ўзяты" інтанацыйна ўзмацняецца як апошняе слова радка: у ім выразна відаць яго "залежны" стан, у ім жыве сваімі супярэчнасцямі рэальны свет – той, дзе высокае мастацтва здабываецца так не па-чалавечы, гвалтам, прымусам.\\ Другая частка верша звязваецца з папярэдняй праз новую тэму – "А за сцяной смяецца поле...". Як вольна, як бы вырваўшыся з-за сцен панскага палаца, імкнуць на волю радасныя думкі! I зноў, як працяг роднай тэмы, ажывае ў думках малюнак прыроды: \\ А за сцяной смяецца поле,\\ Зіяе неба з-за акна, –\\ I думкі мкнуцца мімаволі\\ Туды, дзе расцвіла вясна;\\ Дзе блішча збожжа ў яснай далі,\\ Сінеюць міла васількі,\\ Халодным срэбрам ззяюць хвалі\\ Між гор ліючайся ракі;\\ Цямнее край зубчаты бора... \\ Гэтыя радкі як бы вымаўлены на адным дыханні. Падтрыманыя парывам захаплення, яны ад перапоўненасці пачуцця аж пераплёскваюцца праз край. I як вяршыня тэмы роднага краю ўзнікае матыў васількоў. Тут бачым наступ роднай тэмы, якая ўжо зраўнялася ў сваёй моцы з чужой. Радкі гучаць больш дынамічна, упэўнена, чым у першай частцы. У іх рытме чуваць водгукі перамогі.\\ \\ 6. Аўтар даводзіць думку пра нацыянальную адметнасць праз вобраз васілька, які атаясамлівае з Бацькаўшчынай, народным мастацтвам. Гэта нацыянальны сімвал, які народжаны самой гармоніяй прыроды, "жывой красой" неба, жытняга поля, ракі, лесу, і ўзнікае ў творы мастацтва як бы падсвядома, сам па сабе... Ён убачаны нібы ў "яснай далі", узбуйнена, святочна, у светлым ззянні і харастве роднай зямлі.\\ Нажаль сёння мы не заўсёды цэнім народнае мастацтва, але яно застаецца самабытным, яркім, непаўторным.\\ \\ 7. Верш "Слуцкія ткачыхі" стаў народнай песняй, на яго словы пісалі музыку і кампазітары, верш вельмі спеўны, лірычны, пяшчотны, лагодны, запамінальны, лёгка кладзецца на музыку.\\ Мастацкая дасканаласць верша дасягаецца разнастайнымі моўнымі і мастацкімі сродкамі, у невялікім па памеры вершы, аўтар стварае галерэю вобразаў-сімвалаў, якія дапамагаюць чытачу ўявіць хараство і непаўторнасць беларускай прыроды, адметнасць нашай нацыі, адчуць любоў да роднага, пранікнуцца нацыянальнай годнасцю, замілаваннем і пяшчотай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-маёвая-песня]] * [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-вадзянік]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-страцім-лебедзь]]