~~META: title = Максім Багдановіч — Раманс &keywords = раманс, Венера, зорка &abstract = Аналіз верша Максіма Багдановіча "Раманс" ("Зорка Венера ўзышла над зямлёю...") &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Раманс ====== Зорка Венера ўзышла над зямлёю,\\ Светлыя згадкі з сабой прывяла...\\ Помніш, калі я спаткаўся з табою,\\ Зорка Венера ўзышла.\\ З гэтай пары я пачаў углядацца\\ Ў неба начное і зорку шукаў.\\ Ціхім каханнем к табе разгарацца\\ З гэтай пары я пачаў.\\ Але расстацца нам час наступае;\\ Пэўна, ўжо доля такая у нас.\\ Моцна кахаў я цябе, дарагая,\\ Але расстацца нам час.\\ Буду ў далёкім краю я нудзіцца,\\ У сэрцы любоў затаіўшы сваю;\\ Кожную ночку на зорку дзівіцца\\ Буду ў далёкім краю.\\ Глянь іншы раз на яе, – у расстанні\\ Там з ёй зліём мы пагляды свае...\\ Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,\\ Глянь іншы раз на яе... \\ «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...») – адзін з самых лірычных і музычных твораў [[постаці/максім-багдановіч|Максіма Багдановіча]]. Напісаны ў жанры песні-раманса, пакладзены на музыку, ён набыў шырокую вядомасць, стаў увасабленнем самага дарагога і любага – «шчасця кахання», маладосці, красы жыцця.\\ У аснове лірычнага зместу верша матыў успамінаў, пачуцці і перажыванні юнака, які спазнаў шчасце кахання і засмучаны тым, што расстаецца з любай дзяўчынай. Знаёмства з каханай, радасць першага спаткання і смутак развітання напаўняюць душу [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|лірычнага героя]] і асацыіруюцца з вобразам зоркі Венеры. Гэты вобраз стварае агульную рамантычную танальнасць верша. Ён узнікае як паэтычная паралель да перажыванняў юнака, як увасабленне яго ідэалу, як сімвал яго шчырага, рамантычна-захапляючага кахання. З зоркай Венерай зліваецца і вобраз дзяўчыны, якая выклікала ў юнацкай душы гэта светлае і такое дарагое пачуццё.\\ Смутак развітання і надзея на нязгаснасць дарагога пачуцця напаўняюць змест і танальнасць верша, надаюць яму светлатужлівы настрой. Пры апошнім спатканні з каханай юнак не хоча расставацца з дарагім яму пачуццём. Яно застаецца ў яго сэрцы назаўсёды. I ў далёкім краі ён будзе кожную ночку на зорку дзівіцца, успамінаючы аб той, каму належала яго каханне. Ён просіць сваю каханую не забываць пра шчасце перажытага, хоць раз у расстанні глянуць на зорку Венеру, зліць з ёй разам погляды свае, «каб хоць на міг уваскрэсла каханне». ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/раманс]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-чырвоная-зорка]] * [[ibdc.ped>як-зорка-бярозкаю-стала]] * [[творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-раманс]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-раманс-няма-нідзе]]